Польскаму дыпламату паведамілі пра неабходнасць дыялогу для дээскалацыі «і без таго няпростай сітуацыі ў двухбаковых адносінах». Што да верталётаў, якія, паводле сцверджанняў Варшавы, парушылі паветраную прастору Польшчы, то ў беларускім ведамстве часоваму паверанаму паказалі «дадзеныя аб’ектыўнага кантролю траекторыі палётаў». Пра гэта паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі.

2 жніўня ў МЗС быў запрошаны часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі.
«Дыпламату было даведзена, што паспешлівыя заявы польскіх афіцыйных асобаў пра парушэнне 1 жніўня двума беларускімі верталётамі паветранай прасторы Польшчы не пацвердзіліся па выніках усебаковай праверкі, праведзенай беларускім бокам. У якасці доказаў былі прадэманстраваныя дадзеныя аб’ектыўнага кантролю траекторыі палётаў верталётаў», — гаворыцца ў паведамленні.
У МЗС таксама паведамілі, што заклікалі польскі бок «не нагнятаць сітуацыю і не выкарыстоўваць яе для мілітарызацыі памежнай прасторы», а таксама падкрэслілі неабходнасць дыялогу для дээскалацыі «і без таго няпростай сітуацыі ў двухбаковых адносінах».
Нагадаем, 1 жніўня ў небе над польскай вёскай Белавежа ў Падляшскім ваяводстве паблізу польска-беларускай мяжы заўважылі беларускія вайсковыя верталёты. У аператыўным камандаванні Узброеных сіл Польшчы запэўнівалі, што парушэння паветранай прасторы зафіксавана не было, але ўвечары 1 жніўня Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра тое, што парушэнне паветранай прасторы краіны беларускімі вайсковымі верталётамі ўсё ж адбылося. Беларусь адхіліла абвінавачанні ў парушэнні паветранай прасторы Польшчы.