«Бунт падымаюць, хочуць зладзіць бучу». Лукашэнка ўзяўся за заробкі топаў гандлёвых сетак (хвалюецца, што яны атрымліваюць больш за прадаўцоў)
Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски

апублікавана: 
абноўлена: 

Аляксандр Лукашэнка анансаваў «жорсткія разборкі» па заробках кіраўнікоў у гандлёвых сетках. Пра гэта ён заявіў 10 лютага на нарадзе па сітуацыі з цэнамі і інфляцыяй у краіне. Палітык сказаў, што некаторыя топы ў рытэйле «атрымліваюць у 30−40 разоў заробак вышэйшы, чым звычайны прадавец». Пры гэтым Лукашэнка не ўдакладніў, у чым ён бачыць праблему, калі ў прыватных гандлёвых кампаніях адрозніваюцца заробкі работнікаў і кіраўнікоў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Лукашэнка пацікавіўся на нарадзе, як выконваецца яго даручэнне «пра навядзенне парадку з узроўнем заработнай платы кіраўнікоў і ўладальнікаў буйных гандлёвых сетак».

Лукашэнка звярнуўся да СМІ, каб тыя страсянулі Камітэт дзяржкантролю і ўрад. «Каб яны вам назвалі ўсе факты, дзе ў 30−40 разоў „вялікія“ дзеячы, кіраўнікі атрымліваюць зарплату вышэйшую, чым звычайны прадавец і іншыя. А потым бегаюць па сетках, — сказаў Лукашэнка. — Бунт падымаюць. Хочуць гэтых небарак прыпадняць і зноў зладзіць нейкую бучу. Але досвед у мяне ёсць, як з гэтай бучай разбірацца. І будуць жорсткія разборкі. Таму да людзей — прадаўцоў — трэба давесці: вось 800 або 1 тыс. рублёў ваш заробак, у вось 50−60 тыс. заробак у гэтых так званых уладальнікаў».

Нагадаем, у кастрычніку мінулага года Аляксандр Лукашэнка ўжо падымаў пытанне заробкаў у гандлі. Тады ён сцвярджаў, што некаторыя ўладальнікі кампаній штомесяц зарабляюць каля 90−100 тысяч даляраў, «седзячы ў Італіі». Касіры і прадаўцы ў іх крамах зарабляюць фактычна ў 270 разоў менш.

— Якія могуць быць пераконванні і размовы? Дзе гэтая справядлівасьць? Чаму такая разбежка? — пытаў Лукашэнка. Ён нагадаў тады, што на прадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці ў заробкаў кіраўнікоў ёсць столь: яна не можа перавышаць больш чым у 6 разоў сярэднюю заработную плату па прадпрыемстве.

— Добра, у 6 разоў ад сярэдняга заробку. А тут жа ў 200 разоў! — абурыўся Лукашэнка.

— Яны афармлялі прэміі ад прыбытку, а не заработнай платы, — растлумачыў першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў.