Уладзімір Зяленскі апублікаваў відэа, у якім звярнуўся да ўкраінцаў і «ўсіх людзей свету» і паведаміў, што Расія рыхтуе тэракт на Запарожскай АЭС.
Паводле словаў Зяленскага, прадстаўнікі разведкі і Службы бяспекі Украіны далажылі яму пра падрыхтоўку тэракту на Запарожскай АЭС.
— Нашая разведка атрымала інфармацыю, што Расія разглядае сцэнар тэрарыстычнага акту на Запарожскай атамнай станцыі. Тэрарыстычнага акту з выкідам радыяцыі. Яны ўсё падрыхтавалі для гэтага, — заявіў Уладзімір Зяленскі.
Ён таксама паведаміў, што Украіна перадае атрыманую інфармацыю і доказы краінам-партнёрам па ўсім свеце, у тым ліку Кітаю, Бразіліі, краінам арабскага свету.
— Абсалютна ўсе павінныя гэта ведаць, абсалютна ўсе міжнародныя арганізацыі. Ніякіх тэрактаў на атамных станцыях ніколі і нідзе не мусіць быць. Гэтым разам не мусіць здарыцца як з Кахоўкай (Кахоўскай ГЭС. — Заўв. рэд.). Свет папярэджаны, і ён можа і мусіць дзейнічаць, — сказаў прэзідэнт.
Што да падрыву Кахоўскай ГЭС, то, паводле Зяленскага, украінская разведка сабрала новыя доказы таго, як ажыццявілі падрыў дамбы. І нагадаў, што яшчэ летась Кіеў папярэджваў пра магчымасць такога развіцця падзей.
Нагадаем, у аўторак, 20 чэрвеня, кіраўнік вайсковай разведкі Украіны Кірыл Буданаў заявіў, што расійскія войскі замініравалі сажалку-ахаладжальнік Запарожскай АЭС.
«Калі яны выведуць яе з ладу шляхам падрыву, вялікая імавернасць таго, што будуць значныя праблемы», — адзначыў Буданаў.
Запарожская атамная станцыя — адна з самых буйных у Еўропе. Яна знаходзіцца ў Энергадары Херсонскай вобласці і кантралюецца расійскай арміяй. Тэрыторыя станцыі перыядычна абстрэльваецца, Масква і Кіеў абвінавачваюць у гэтым адно аднаго. Брытанская разведка паведамляла, што РФ размясціла свае бронетранспарцёры ля рэактара станцыі.
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш настойвае на дэмілітарызацыі Запарожскай АЭС.
Пасля падрыву дамбы і разбурэння Кахоўскай ГЭС узнікла новая пагроза — ЗАЭС можа застацца без вады, неабходнай для сілкавання кандэнсатараў турбін і сістэм бяспекі станцыі.
15 чэрвеня ЗАЭС наведаў кіраўнік МАГАТЭ Рафаэль Гросі. Ён адзначыў, што адно з галоўных наступстваў разбурэння дамбы Кахоўскай ГЭС — зніжэнне ўзроўню вады ў сажалцы-ахаладжальніку станцыі. Пакуль, паводле яго словаў, узровень вады застаецца на дастатковым узроўні, каб «пэўны час» можна было падтрымліваць бяспеку станцыі. Гросі заявіў, што місія МАГАТЭ будзе старанна маніторыць сітуацыю.