Сабраныя 550 тысяч злотых (445 тысяч рублёў) на лячэнне згвалтаванай беларускі, якая памерла ў Варшаве, ужо пачалі вяртаць ахвярадаўцам. Пра гэта «Люстэрку» пачалі паведамляць чытачы. Між тым, як расказала крыніца, блізкая да сям'і, нічога з гэтых грошай выдаткаваць на пахаванне дзяўчыны або адвакатаў нельга. Таму давялося запусціць новы збор. Расказваем падрабязнасці.
Ахвяраванні на арганізацыю пахавання, аплату паслуг адваката і кампенсацыю выдаткаў бальніцы збірае малады чалавек Лізаветы тут.
У панядзелак, 4 сакавіка, хлопец Лізаветы Даніла размаўляў з прадстаўнікамі платформы pomagam.pl, дзе быў адкрыты першы збор. Яны заявілі, што скарыстацца сродкамі ў блізкіх дзяўчыны не атрымаецца, бо ахвяраванні збіралі на лячэнне і рэабілітацыю.
— Фармальна мы збіралі грошы на канкрэтныя мэты, на якія цяпер патраціць іх не можам, бо чалавек памёр, — расказала «Люстэрку» крыніца, блізкая да сям'і загінулай. — І выкарыстанне іх на іншыя патрэбы ў нейкай ступені можа трактавацца як махлярства. Мы прапаноўвалі варыянт, пры якім дашлём усе рахункі, пакрыўшы нашыя патрэбы, а астатняе перавядзём камусьці, хто мае патрэбу ў дапамозе проста цяпер, але прадстаўнікі платформы не згодныя. Цяпер яны плануюць вярнуць ахвяраванні людзям. Пры гэтым абяцаюць, што будуць старацца ўсяляк дапамагчы. Магчыма, платформа пойдзе насустрач і, вяртаючы грошы, будзе інфармаваць, што іх можна перавесці на новы збор.
Між тым чытачы «Люстэрка» паведамілі ў рэдакцыю, што ў ноч з 4 на 5 сакавіка данаты пачалі вяртаць.
Хаваць Лізавету збіраюцца ў Варшаве на гэтым тыдні, але яе блізкія пакуль не вызначыліся з могілкамі і месцам для развітання. Нашая крыніца адзначае, што пахаванне каштуе даволі дорага. Такіх грошай у 25-гадовага Данілы проста няма.
— Толькі пахаванне цяпер абыдзецца ў суму блізу 14 000 злотых (11 300 рублёў, тут і далей паводле курсу Нацбанка на 4 сакавіка 2024 года. — Заўв. рэд.), — кажа суразмоўца. — Сюды ўваходзіць уся арганізацыя, правядзенне, месца на могілках на 20 гадоў. Калі мы хочам не простую труну, а лепшай якасці, гэта яшчэ 600−1600 злотых (484−1290 рублёў). Ну і з месцам свае складанасці, бо пасля 20 гадоў за кожны год давядзецца плаціць 140 злотых (114 рублёў), і невядома, што будзе, калі забыць. А пастаяннае бестэрміновае месца на могілках каштуе па-рознаму, каля 20 000 злотых (16 155 рублёў). Яшчэ, мабыць, мусіць быць нейкая прасторная зала. Бо беларусы ўжо робяць акцыі, прыносяць свечкі да месца, дзе ўсё адбылося, пішуць Данілу, што хацелі б прысутнічаць на развітанні, праводзіць Лізу ў апошнюю дарогу, аддаць даніну павагі. І мы хочам арганізаваць гэта, каб годна праводзіць яе. Як расказалі ў пракуратуры, у сераду ўжо можна забіраць цела, і пахаванне, папярэдне, будзе ў пятніцу ці суботу. Але мы пакуль не гатовыя даць усяму рады фінансава.
З улікам пастаяннага месца на могілках, арганізацыйных момантаў і развітальнай цырымоніі пахаванне абыдзецца прыкладна ў 35 000 злотых (28 272 рублі), рэзюмуе суразмоўца. Акрамя таго, блізкія дзяўчыны плануюць наняць адваката, які будзе адстойваць інтарэсы пацярпелага боку ў судзе. Паводле папярэдніх разлікаў, на гэта пойдзе ад 20 000 злотых (16 155 рублёў).
— Ёсць грамадскія арганізацыі, якія прапануюць сваю дапамогу, але там працуюць юрысты, якія не спецыялізуюцца ў вузкіх галінах права, — тлумачыць ён. — І калі атрымаецца сабраць сродкі і аплаціць адвакатаў, якія працуюць менавіта ў галіне крымінальнага права, было б добра, каб хтосьці прадстаўляў інтарэсы пацярпелага боку. Каб справу не замялі і чалавек атрымаў сваё пакаранне, бо жыццё маладой дзяўчынкі абарвалася.
Усяго з дапамогай збору разлічваюць сабраць 70 тысяч злотых (56 544 рублі). Акрамя арганізацыі пахавання і аплаты юрыстаў грошы пойдуць на падрыхтоўку неабходных дакументаў, а таксама «на падтрымку блізкіх» дзяўчыны ў гэтай сітуацыі.
Акрамя таго, застаецца адкрытым пытанне аплаты знаходжання Лізаветы ў бальніцы. Як тлумачыць наш суразмоўца, на гэты момант ён не стаіць востра, бо рахунак могуць выставіць толькі блізкім сваякам і ад Данілы грошай не патрабуюць. Але калі родныя дзяўчыны здолеюць прыехаць і яны прыйдуць у бальніцу па дакументы, плаціць давядзецца.
— Мы разважалі так, што бальніца панесла выдаткі, а страхоўкі не было, таму было б правільна заплаціць, — кажа блізкі сям'і. — Тым больш што знаходжанне на інтэнсіўнай тэрапіі каштуе грошай. Але, думаю, наўрад ці польскі бок будзе спрабаваць спагнаць неяк гэтыя сродкі і падаваць пазоў, таму пакуль гэта не вострае пытанне. Мы спадзяваліся, што ўдасца скарыстацца тымі рэсурсамі, якія былі сабраныя, каб пакрыць хаця б гэтыя патрэбы і потым даць справаздачу грамадскасці. Але платформа пакуль не вельмі падтрымала такую ідэю.
Чытайце таксама