Тыдзень таму ў Ельскім універсітэце, які знаходзіцца ў горадзе Нью-Хейвен у ЗША, пачаўся другі семестр. Сярод лекцый, якія наведваюць мясцовыя студэнты, ёсць курс «Драма і расійска-ўкраінская вайна». Выкладае яго вядомы беларускі кінасцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык. Весці заняткі ў адной з самых прэстыжных ВНУ свету ён пачаў у жніўні 2023 года. Прызнаецца, што, калі ўпершыню зайшоў у аўдыторыю, сэрцабіцце і адчуванне былі такія, нібы трапіў у клетку з ільвамі: студэнты тут вельмі патрабавальныя. Пра працу выкладчыка і асаблівасці навучання ён расказаў «Люстэрку».
«Перад тым, як стаць супрацоўнікам, трэба было прайсці велізарную колькасць навучальных лекцый»
— Як вы аказаліся ў Ельскім універсітэце?
— Я не планаваў займацца акадэмічнай працай за мяжой, у Мінску ў мяне была кінакампанія, я пісаў сцэнары, п’есы, але пасля 2020 года праз зразумелыя абставіны быў вымушаны з’ехаць. Доўга бадзяўся па найцікавейшых краінах. Папрацаваў ва Украіне, Славакіі, Балгарыі, Фінляндыі, пажыў у Танзаніі. У выніку падаўся на Yale World Fellows у Ельскім універсітэце. Гэта адна з найлепшых у свеце лідарскіх стыпендыяльных праграм. Заяўку адпраўляў без усялякай надзеі, бо ахвотных тут звычайна больш за 10 тысяч з усяго свету, а месцаў было ўсяго 16. Сюды могуць паступіць толькі людзі з вялікім шлейфам дасягненняў. Тут, напрыклад, вучыліся Аляксей Навальны і Слава Вакарчук. Вакарчук пасля вярнуўся ва Украіну, стварыў партыю «Голас» і на нейкі час стаў адным з парламенцкіх лідараў.
За ўсю гісторыю праграмы сюды не прабіўся ні адзін беларус, таму для мяне было велізарным здзіўленнем, што са мной звязаліся. Выклікалі на адно інтэрв'ю праз зум, на другое, трэцяе. Кола за колам, і, аказалася, я ўвайшоў у лік 16 выбраных кандыдатаў і атрымаў запрашэнне прыехаць у Ель. Мне, як і іншым удзельнікам, далі жыллё, добры заробак, медстрахоўку. Навучанне, калі яго можна так назваць, пачалося ў жніўні 2022-га і доўжылася паўгода.
У нас сабралася вельмі яркая група: міністр інфраструктуры Перу, адзін з кіраўнікоў Афрыканскага банка развіцця, рэферэнт Ангелы Меркель, уладальнік інданезійскага стартапа па адукацыі коштам паўмільярда даляраў, рэдактар BBC. Сэнс праграмы — даць людзям, якія ўжо шмат дасягнулі, штуршок для наступных вялікіх дасягненняў. Мы шмат сустракаліся з уплывовымі людзьмі (напрыклад, з тымі, хто займаў высокія пасады ў Дзярждэпартаменце, з амбасадарамі, былымі кандыдатамі ў прэзідэнты ЗША), па жаданні маглі наведваць любыя курсы Еля, удзельнічалі ў форумах, дыскусіях, канферэнцыях, самі вялі лекцыі і семінары.
Паралельна з тым, як я сюды прыехаў, беларускія ўлады мяне парадавалі: на мяне завялі справу за абразу адной вядомай асобы (крымінальную справу за абразу Аляксандра Лукашэнкі. — Заўв. рэд.). А потым я ж-сябра Каардынацыйнай рады. Яе ўлады таксама чамусьці не любяць. Карацей, стала зразумела: трэба думаць пра далейшыя планы. У мяне быў выбар: вяртацца ў Фінляндыю і займацца творчасцю альбо прапанаваць Ельскаму ўніверсітэту нешта цікавае ў акадэмічнай галіне. Я выбраў другое.
— Чаму?
— За час, пакуль быў на праграме, пагутарыў з выкладчыкамі, даведаўся, якія інтарэсы ў студэнтаў. Праблема Еля, як і любога іншага амерыканскага ўніверсітэта: у іх няма беларусістыкі. Яны нічога не ведаюць пра нашую краіну. Няма нармальнага курса, дзе б вывучалася нашая культура, літаратура, мова. Гэта наступствы расійскага і савецкага каланіялізму. Мне здаецца, гэта трэба мяняць. Беларусь — адзін з ключавых пунктаў у Еўропе, дзе вырашаецца лёс многіх суседзяў.
Я звярнуўся да кіраўніцтва ўніверсітэта, сказаў: «Хацеў бы выкладаць. Мая экспертыза — мастацтва пратэсту, 2020 год у Беларусі, культура Беларусі, самабытнасць, мова». І прапанаваў канцэпцыю курса. У Елі няма нікога, хто б глядзеў у гэты бок, а студэнтам гэта цікава. Да таго ж за паўгода ва ўніверсітэце я прачытаў некалькі лекцый, арганізоўваў мерапрыемствы, якія датычылі падзей у Беларусі, Расіі, Украіне. Яны спадабаліся. У выніку ідэю ўхвалілі, і мяне ўзялі даследчыкам і лектарам на стаўку. Потым я заняўся прапрацоўкай курса і ўсёй бюракратыяй.
— Пакуль рыхтавалі курс, жылі на зберажэнні?
— Не, са жніўня 2022-га я на кантракце ў Елі. Кантракты ў мяне гадавыя.
— Які курс вы напісалі?
— Да восеньскага семестра (гэта быў жнівень 2023-га. — Заўв. рэд.) я распрацаваў курс «Мастацтва і супраціў у Беларусі, Украіне і Расіі ў познім Савецкім Саюзе і ў постсавецкі перыяд». Тут прааналізаваў розныя кейсы і этапы таго, як мастацтва пратэстуе. У нашай сітуацыі — супраць дыктатуры, у Расіі — супраць вайны (наколькі можа), ва Украіне — супраць агрэсіі і акупацыі. Да вясновага семестра, які стартаваў цяпер, у студзені, падрыхтаваў новы курс — «Драма і расійска-ўкраінская вайна». Увосень зноў паўтару «Мастацтва супраціву» і, магчыма, зраблю новы семінар.
— Складана было зрабіць свой курс для Еля?
— Спачатку пішаш, потым адсылаеш у адпаведны дэпартамент, аналаг нашых факультэтаў. У маім выпадку гэта быў Slavic department (Дэпартамент славянскіх моваў і літаратуры. — Заўв. рэд.). Там курс вывучаюць сур’ёзныя прафесары. Калі атрымліваеш ад іх ухвалу, праца ідзе на навучальную раду. А далей чакаеш рашэння. Увогуле, падрыхтоўчая частка заняла некалькі месяцаў. У выніку Slavic department мой курс зацвердзіў. Студэнты на яго запісаліся, і стала зразумела — усё будзе добра.
— Ці былі нейкія асаблівыя патрабаванні, каб вас прынялі на працу ў ВНУ такога ўзроўню? Напрыклад, навуковая ступень?
— Тут вельмі цэняць экспертнасць. Канкрэтныя веды ў канкрэтных галінах. Плюс тое, што я трапіў на Yale World Fellows, лёгка адкрывала многія дзверы, бо я ўжо прайшоў адбор сярод тысяч кандыдатаў.
Яшчэ перад тым, як стаць супрацоўнікам, трэба было прайсці велізарную колькасць навучальных лекцый. Напрыклад, супраць харасменту, розных дыскрымінацый. Іх можна паслухаць афлайн ці анлайн. Я выбраў другое. Глядзіш лекцыю, адказваеш на пытанні, атрымліваеш сертыфікат. Вы павінныя ведаць усе стандарты працы ў калектыве.
— Якія гэта стандарты?
— Напрыклад, калі і каму можна тэлефанаваць у непрацоўны час. Ці, дапусцім, вы з калегай добрыя знаёмыя. Ці можна пры людзях яе абняць? Разбіраюцца выпадкі, калі гэта дазволена, і адваротныя. Скажу, што ў гэтых стандартах няма нічога незвычайнага. Усё адпавядае логіцы здаровых карпаратыўных адносін.
«Студэнты разумеюць: адукацыя, якую яны атрымліваюць, каштуе велізарных грошай, таму выкарыстоўваць плагіят ці ChatGPT — гэта красці ў сябе ж»

— Са студэнтамі якіх курсаў вы займаецеся?
— У мяне адна група. Гэта розныя людзі. Хтосьці вывучае гісторыю, хтосьці — літаратуру, хтосьці — тэатральнае мастацтва. У Елі сістэма свабоднага выбару прадметаў, таму студэнты заходзяць на сайт універсітэта, вызначаюць, што ім цікава, і запісваюцца.
Першапачаткова ў групе было 15 чалавек. Гэта максімум, які магчымы, але два чалавекі да канца ў мяне не давучыліся. Чаму? Не ведаю, можа, не паспявалі, фінальных прац яны не здалі.
Цяпер на курс «Драма і расійска-ўкраінская вайна» запісалася дзевяць чалавек, але ёсць момант. Першыя два тыдні семестра ва ўніверсітэце праходзіць свайго кшталту кірмаш, калі студэнты наведваюць цікавыя ім заняткі, а потым выбіраюць, што падабаецца. Колькі ў выніку яшчэ прыйдзе на курс, а колькі сыдзе, ты адразу не ведаеш. У цэлым, менавіта на гэтых семінарах камфортна было б займацца з групай на сем-восем чалавек. Гэта пары-воркшопы, дзе мы праз тэорыю драмы будзем разглядаць гісторыю ўзаемаадносін Расіі і Украіны, спрабуючы зрабіць палітычнае прадказанне, як усё скончыцца. Дарэчы, калі на курс запішацца ўсяго адзін ахвотны, выкладчык таксама будзе з ім займацца.
Удакладню, што гэта я казаў пра колькасць людзей на семінарах. На лекцыях жа можа збірацца і дзвесце, і трыста чалавек.
— З чаго складаецца ваш працоўны дзень?
— Сілабус (навучальная праграма. — Заўв. рэд.) б’ецца на 13 тыдняў. Кожны тыдзень ты можаш правесці са студэнтамі адну доўгую сустрэчу або некалькі кароткіх. Я выбраў адну доўгую. Яна доўжылася каля трох гадзін і праходзіла ў чацвер. У гэтым семестры ў мяне будзе ўжо дзве пары на тыдзень: у панядзелак і сераду.
— У першым семестры ў вас было 13 рабочых дзён?
— Не-не. Тут людзі не проста слухаюць лекцыі і чытаюць кніжкі. Яны ўвесь час пішуць працы, робяць прэзентацыі. На курсе «Мастацтва і супраціў» за семестр кожны мой студэнт мусіў правесці leading discussion — абмеркаванне, дзе ён выступае як мадэратар, напісаць эсэ і курсавую. Па кожнай з гэтых работ я мушу асобна іх кансультаваць. Тлумачыць задачу, даваць фідбэк. Гэта па-першае.
Па-другое. Тут студэнты вельмі любяць выказвацца і вельмі хвалююцца, калі іх не выслухалі. Усе дыскусіі грунтуюцца на матэрыялах для чытання. У сярэднім па адным прадмеце кожны чалавек мусіць прачытаць за тыдзень каля ста старонак. Гэта мінімум. Мая задача як выкладчыка — гэтыя матэрыялы знайсці. Але каб выбраць, напрыклад, тры артыкулы, трэба прачытаць дзесяць. А каб даць нейкі кавалачак з кнігі, мне яе трэба ведаць цалкам, а яна, напрыклад, 600−900 старонак. Усё гэта на акадэмічнай англійскай. Таму 6−8 гадзін на тыдзень я баўлю ў бібліятэцы. Нагрузка на мяне тут большая, чым на студэнтаў, і я гэта праклінаю (смяецца). Вучыцца мне даводзіцца больш за іх. Яны ж могуць чытаць паўразумеючы, а я мушу ведаць усё дасканала.
Па-трэцяе, неабходна закладваць час на даследчую дзейнасць, удзельнічаць у навуковых канферэнцыях.
І, па-чацвёртае, па некаторых тэмах я арганізую знешніх спікераў. Напрыклад, па беларускім мастацтве 90-х — пачатку 2000-х запрашаў рэжысёрку Дашу Жук. Акрамя таго, па зуме падключаў галоўнага рэжысёра Херсонскага тэатра (гаворка пра Херсонскі абласны акадэмічны музычна-драматычны тэатр імені Міколы Куліша. — Заўв. рэд.). Наогул, шукаць такіх гасцей неабавязкова, але тут прынята, што ты максімальна стараешся, таму я заняты ўвесь час.
Дарэчы, паколькі я чалавек для Еля новы, у першым семестры са мной працавала памочніца. Гэта аспірантка, якая мне вельмі дапамагла. Арганізоўвала планаванне кансультацый, работ, заносіла патрэбныя матэрыялы ў камп’ютарную сістэму. Аднойчы, калі я ездзіў у Лос-Анджэлес на прэм’еру сваёй п’есы, яна правяла за мяне семінар.
— Як праходзіць трохгадзінная лекцыя?
— У ёй тры-чатыры важныя кампаненты. Гэта лекцыйная частка, прэзентацыя студэнта, дзе ён выступае мадэратарам дыскусіі, абмеркаванне літаратуры і размовы з запрошаным спікерам, калі ён падключаецца.
Званкоў на перапынак тут няма, таму перамены вызначаю сам. Часам працуем нон-стоп, калі хачу кубак кавы ці ў прыбіральню, кажу: «Усё, хлопцы і дзяўчаты, 10 хвілін». Студэнты таксама адчуваюць сябе дастаткова свабодна. Могуць прыносіць бутэрброды, каву, ваду. Калі камусьці трэба выйсці, устае, сыходзіць, вяртаецца.
Пры гэтым, нягледзячы на ўсю дэмакратычнасць, захоўваецца карэктнасць. У Елі да выкладчыкаў звяртаюцца альбо «прафесар», альбо па імені. Я дазваляю называць мяне Андрэй. Тут не сустрэнеш сітуацыі, калі студэнт будзе дэманстратыўна сядзець у тэлефоне або шаптацца з кімсьці. На занятках яны імкнуцца паводзіць сябе годна, хоць і свабодна. Гэта мне падабаецца.
— Апішыце ельскіх студэнтаў. Якія яны?
— Адказныя. Стараюцца праяўляць ініцыятыву, а не так: «Хто да дошкі?» — і ахвотных няма. Гэта першае. Па-другое, мне здаецца, у іх прафесійная мэтаскіраванасць. Яны выдатна разумеюць: адукацыя, якую яны атрымліваюць, каштуе велізарных грошай. Усё роўна, плацяць за яе бацькі ці гэта грант. А значыць, выкарыстоўваць плагіят ці ChatGPT — гэта красці ў сябе ж. У мяне адчуванне, што на семінарах яны хочуць максімальна з цябе выціснуць. Яны чэпкія, задаюць пытанні, могуць паспрачацца. Ім трэба дайсці да сутнасці.
— Узнікалі канфлікты са студэнтамі?
— Не, не было, але тут ёсць такі водападзел, з якім я ў Еўропе не сутыкаўся. Гэта падзел на «левых» і «правых». Дзякуй богу, мы не ўвайшлі ў спрэчкі па Палестыне і Ізраілі, якія цяпер тут самыя гарачыя. Але, паколькі мы закраналі Савецкі Саюз, сацыялізм, былі студэнты, якія ў класічным варыянце левакі. Яны казалі: дарога да камунізму і савецкі Саюз былі ў цэлым нядрэннай задумай, іх апаненты, наадварот, былі вельмі крытычныя.
Яшчэ хачу сказаць, што студэнты тут строгія. Яны дорага плацяць за сваю адукацыю, таму сочаць за яе якасцю. Пасля заканчэння курса яны таксама выстаўляюць выкладчыку адзнакі — evaluation. Гэта вельмі важна. Анкеты ананімныя. У іх шмат крытэраў. Напрыклад, наколькі новыя веды чалавеку даюць, ці адпавядае курс інтэлектуальнаму ўзроўню Еля, то-бок ці не прымітыўшчына гэта. У апытальніку чалавек можа напісаць усё што хоча і паставіць любую ацэнку. Потым меркаванне студэнтаў вывучаюць спецыялісты. Усё гэта не дае выкладчыкам расслабіцца.
Нядаўна атрымаў evaluation з нагоды «Мастацтва і супраціву». Мая агульная адзнака вышэйшая, чым у сярэднім ельская і факультэцкая. Калі, напрыклад, сярэдняя ельская 3,8, то ў мяне 4,6. Мяне ўсе павіншавалі, сказалі, вельмі паспяховы курс, восенню яго правядзём зноў.
— Тое, што студэнты таксама ацэньваюць выкладчыка, робіць педагогаў больш лаяльнымі?
— Студэнты не хочуць лаяльнасці. Тут вучацца не за адзнакі. Ва ўніверсітэты кшталту Еля паступае крыху больш за 4 працэнты ад тых, хто падаў дакументы. Гэта ўсё супервыдатнікі. Яны праходзяць некалькі раўндаў настражэйшага адбору. І гэта вельмі матываваныя людзі. У выніку яны самі па сабе атрымліваюць добрыя адзнакі.
Ель — вялікі кампус, у нас шмат карпусоў. Здараецца, заняткі ставяць на факультэтах, якія знаходзяцца далёка адзін ад аднаго, а перапынак — 10 хвілін. У восеньскім семестры ў мяне вучыўся студэнт, які кожны раз бег да мяне на занятак. Часам крыху спазняўся. З’яўляўся чырвоны, задыханы, сядаў — і ўсё, гатовы вучыцца. Я яму дазволіў, калі цяжка бегаць, спакойна прыходзь. Успамінаю сябе ў яго ўзросце. Каб я ляцеў на лекцыю?! Мы ўсё-такі іншыя.
— Студэнты могуць паскардзіцца на выкладчыка?
— Быў выкладчык, які займаў прарасійскую пазіцыю, апраўдваў Пуціна. Хтосьці са сутдэнтаў паведаміў пра гэта кіраўніцтву ўніверсітэта, але чым скончылася гэтая гісторыя, не ведаю.
«У Еля ёсць свая бальніца, паліклініка і нават паліцыя»

— Вельмі асабістае пытанне: колькі вы зарабляеце ў Елі?
— Агучыць для публікацыі не магу. Тут так не прынята. Але плацяць добра.
— Якія яшчэ бонусы ёсць у мясцовых выкладчыкаў?
— Пенсійны рахунак, добрая медыцынская страхоўка. Плюс супрацоўнікам вылучаюць уласны даследчы фонд. Гэта грошы, на якія ты можаш з’ездзіць на канферэнцыю, купіць кнігі, камп’ютар або планшэт, прывезці спікера, аплачваючы яму дарогу, пражыванне і гэтак далей. Сума фонду розная. У адных прафесараў яна можа быць 30 тысяч даляраў, у іншых супрацоўнікаў — 5−7 тысяч.
— Трэба ўзгадняць, на што выдаткоўваць гэтыя грошы?
— Ёсць спіс, на што іх выдаткоўваць нельга. Напрыклад, на куплю мэблі, турыстычныя паездкі, на сваякоў. А вось аплаціць арганізацыю свайго мерапрыемства, той жа дзелавой вячэры, можна. Натуральна, калі гэта неяк звязана з тваёй даследчыцкай дзейнасцю. Потым анлайн пішаш суправаджальную запіску, расказваеш, з кім ты сустракаўся, паказваеш, колькі патраціў, і табе гэта вяртаюць як прадстаўнічыя выдаткі.
Калі сумы даследчага фонду чалавеку не хапае, абмяркоўваеш гэта з кіраўніцтвам. Вельмі хачу вясной прывезці Дзмітрыя Быкава (расійскі пісьменнік, літаратурны крытык. — Заўв. рэд.). Мы з ім пазнаёміліся і пагутарылі ў Бостане. Думаю, гэта будзе нейкая сур’ёзная сума, бо, напэўна, спатрэбіцца ганарар, плюс арганізацыя самога мерапрыемства.
— У Елі ёсць патрабаванні да таго, як выкладчык мусіць апранацца?
— Не, але ўсе прытрымліваюцца стылю «кэжуал». Я хаджу ў пінжаках, кашулях, да іх — джынсы ці штаны. Гальштук неабавязковы.
— Як у бытавым плане арганізавана вашае жыццё?
— Калі быў на праграме, жыллё аплачваў універсітэт. Цяпер арандую кватэру сам, зарплата дазваляе. Жыву фактычна ў кампусе, у доме, які належыць Елю.
Выкладчыкі могуць хадзіць ва ўніверсітэцкі спарткомплекс. Абанемент каштуе 30 даляраў за месяц. У мяне, як і ў іншых супрацоўнікаў, ёсць картка, на якую кладзеш грошы і можаш есці ў студэнцкай сталоўцы за меншую цану. Напрыклад, на 10 даляраў (31 рубель па курсе Нацбанка на 22 студзеня 2023 года. — Заўв. рэд.) можна добра паабедаць. У некаторых каледжах арганізуюць бясплатныя сняданкі. На іх таксама можна хадзіць.
— Як людзі рэагуюць, калі даведваюцца, што вы — супрацоўнік Еля? Напрыклад, у бальніцы.
— Ельскі ўніверсітэт — горадаўтваральнае прадпрыемства Нью-Хейвена (смяецца), таму так ці інакш тут усё круціцца вакол яго. Ельскія студэнты і выкладчыкі — асноўныя наведнікі рэстарацый, кавярняў, крамаў. Хоць у горадзе ёсць яшчэ чатыры навучальныя ўстановы, але меншыя.
У Еля свая бальніца, паліклініка і нават паліцыя, якая аддзеленая ад гарадской і сочыць за парадкам на тэрыторыі кампуса. А яшчэ — тры свае тэатры, рэстарацыя, куды можна трапіць толькі па клубнай карце. Тут прэзідэнтаў прымаюць, губернатараў.
Ён без шыльдаў, не ведаючы, ты яго нават не знойдзеш. Адзначу, што эндаўмент (фонд, які фармуюць за кошт дабрачынных унёскаў. — Заўв. рэд.) універсітэта складае больш за 40 мільярдаў даляраў. Гэта прыкладна дзве траціны беларускага ВУП.
— Ёсць у Елі яшчэ выкладчыкі-беларусы?
— Ёсць чалавек, які родам з Беларусі, але не ведаю, якое ў яго цяпер грамадзянства. Ён тут працуе, напэўна, больш за 25 гадоў, выкладае эканоміку.
Прэзідэнт Еля (пасада, аналагічная нашаму рэктару. — Заўв. рэд.) Пітэр Саловей таксама з беларускімі каранямі. У межах праграмы Yale World Fellows мы з групай былі ў яго дома ў гасцях. Нас прымалі як вялікіх селебрыці. Пачаў пытаць, хто адкуль. Калі я адказаў, што з Беларусі, ён расказаў пра сваіх родных. Ён нашчадак габрэяў, якія жылі ў Брэсцкай вобласці. Здаецца, у Кобрыне. Пазней іх сям’я пераехала ў Вільнюс, а потым — у Нью-Ёрк. Некалькі гадоў таму ён прыязджаў у Беларусь, але не афішаваў гэтага. Наведваў магілы продкаў. Ездзіў па тых мясцінах, дзе жыла яго радня.
— Якія ў вас далей планы?
— Гэты год выкладаю. Гэта ўсё цікава, але лектар — не мая асноўная прафесія. Я калісьці кінуў аспірантуру журфака БДУ. Усё ж я чалавек не ўніверсітэцкі.
Цяпер праца ў Елі для мяне — выратаванне. Праз яе атрымліваю велізарную колькасць важнай інфармацыі пра жыццё за мяжой. Да гэтага я ніколі не жыў доўга за мяжой. Да таго ж у выкладанні Belarusian Studies (гэта курсы пра Беларусь, беларускую мову. — Заўв. рэд.) і культуры я бачу сваю місію. Яна ў тым, каб распаўсюджваць і зацікаўліваць амерыканскі акадэмічны свет беларускай культурай. Але не ўпэўнены, што хачу будаваць навуковую кар’еру. Пакуль такога рашэння я не прыняў. Перш за ўсё я — драматург і сцэнарыст.
— Як гэта — выкладаць у ВНУ, якой 300 гадоў?
— Я выкладаў у розных універсітэтах — у ГІТІСе ў Маскве, у нашым «кульку», у Акадэміі мастацтваў у Браціславе, у ЕГУ, але тут усё інакш. Ель — гэта не проста грошы і рэсурс, а спроба сабраць найлепшае з усяго свету: студэнтаў, аспірантаў, выкладчыкаў. Я б апісаў Ель так: неймаверная канцэнтрацыя інтэлекту. Запал да ведаў тут такі, што яго можна нажом рэзаць. А яшчэ ўніверсітэт вельмі прыгожы. І калі ты жывеш сярод такой эстэтыкі, то табе хочацца адпавядаць ёй.
Чытайце таксама