Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Тэмай нумар адзін у Беларусі ў апошнія дні стала рашэнне прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна размясціць у краіне тактычную ядзерную зброю. Пра тое, якімі канкрэтна будуць гэтыя ўзбраенні, расійскі палітык не сказаў. Расказваем, што ўяўляе з сябе тактычная ядзерная зброя, чым яна адрозніваецца ад астатніх яе тыпаў, чым Масква можа «падзяліцца» з Мінскам і якую пагрозу для суседзяў гэта будзе несці.

Што здарылася

25 сакавіка 2023 года Уладзімір Пуцін у эфіры тэлеканала «Расія 24» заявіў, што расійскія і беларускія ўлады дамовіліся размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Будаўніцтва сховішча для яго, адзначыў прэзідэнт РФ, скончаць да 1 ліпеня гэтага года.

Беларускія і расійскія прапагандысты выказаліся пра рашэнне выключна ў хвалебным ключы (напрыклад, размяшчэнне зброі масавага паражэння назвалі «гістарычным шанцам» і «мяккай ваеннай сілай»).

Прадстаўнікі NATO адзначаюць, што Расія сваімі дзеяннямі парушае ўласныя абавязанні па кантролі за ўзбраеннямі (тым больш што нядаўна Масква прыпыніла свой удзел у дамове СНУ-III, падпісаным у 2010 годзе: ён раней абмяжоўваў «ядзерную гонку»).

Дэмакратычныя сілы Беларусі выказаліся рэзка супраць размяшчэння зброі масавага паражэння ў нашай краіне — Святлана Ціханоўская заявіла, што гэта груба супярэчыць волі беларускага народа на бяз’ядзерны статус дзяржавы, а прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па пытаннях абароны Валерый Сахашчык запісаў зварот да ваеннага кіраўніцтва, назваўшы тое, што адбываецца, «чорным днём».

Што ўяўляе сабой тактычная ядзерная зброя

Калі гаварыць зусім проста, то тактычная ядзерная зброя, або ТЯЗ, — гэта ядзерныя боезарады, якія прадугледжваюць выкарыстанне проста на полі бою. Калі звычайнымі ракетамі з ядзернымі боегалоўкамі можна знішчаць цэлыя гарады, найважнейшыя прадпрыемствы, аб’екты інфраструктуры і наогул «забамбіць ворага ў каменны век», то задача ТЯЗ — дапамагчы выйграць канкрэтную бітву. Таму бомбы ці ракеты, якія адносяцца да тактычных узбраенняў, могуць выкарыстоўвацца супраць канцэнтрацыі войскаў і ваеннай тэхнікі, штабоў, караблёў і нават супраць самалётаў — існуюць ядзерныя боегалоўкі для зенітных ракет.

Звычайна лічыцца, што па змоўчанні ТЯЗ мае значна меншую магутнасць, чым стратэгічныя ўзбраенні. Часта так і ёсць — тактычныя боезарады могуць размяшчацца нават у артылерыйскіх снарадах, а іх магутнасць нярэдка саступае тым, што стаяць на міжкантынентальных ракетах, у тысячы разоў.

203-мм ядерный снаряд для орудия 2С7 «Пион» (такие пушки раньше стояли на вооружении в Беларуси)Фото: Mike1979 Russia, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org
203-мм ядзерны снарад для гарматы 2С7 «Півоня» (такія гарматы раней стаялі на ўзбраенні ў Беларусі). Фота: Mike1979 Russia, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Аднак гэта зусім не абавязкова. Напрыклад, амерыканская боегалоўка W89 магутнасцю 200 кілатон (больш за дзясятак Хірасім) ставілася на ракеты стратэгічных бамбардзіроўшчыкаў — і адносілася да стратэгічных узбраенняў. Аднак яе ж можна было ўсталёўваць на супрацьлодкавыя тарпеды — і тады зброя рабілася тактычнай.

Таму адрозненні тактычнага і стратэгічнага ядзернага ўзбраення — у тыпе носьбіта і спосабе выкарыстання. Размежаванняў па магутнасці, якія былі б выразна прапісаныя, не існуе. І таму казаць, што ў Беларусі будзе размешчаная «менш магутная» ядзерная зброя, няправільна.

Якую зброю Расія размесціць у Беларусі і чым яна небяспечная?

Хоць пра канкрэтныя мадэлі ўзбраення Пуцін нічога не сказаў, мы сёе-тое ведаем пра носьбіты гэтых боезарадаў. Па-першае, Беларусі ўжо перадалі аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», якія ўмеюць страляць балістычнымі і крылатымі ракетамі. І на тыя, і на тыя можна ўсталёўваць ядзерную баявую частку.

Па-другое, Пуцін згадаў, што пад выкарыстанне ТЯЗ абсталявалі 10 самалётаў беларускай авіяцыі. Мадэлі не называліся, аднак раней ужо згадвалася, што на носьбіты ядзернай зброі пераабсталююць штурмавікі Су-25. У Беларусі, паводле ваеннага бюлетэня Military Balance, такіх 22 штукі, не лічачы машын на захоўванні. Таму застаецца разабрацца, якая са зброі, што выкарыстоўваецца гэтым штурмавіком, можа мець ядзерную баявую частку.

Су-25. Фото: Министерство обороны Беларуси
Су-25. Фота: Міністэрства абароны Беларусі

Што да «Іскандэра», то афіцыйная далёкасць гэтай зброі складае 500 кіламетраў — менавіта таму комплекс не трапіў пад абмежаванне Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці (па гэтым пагадненні СССР і ЗША адмовіліся ад наземных сістэм з далёкасцю 500−5500 км).

«Іскандэр» можа страляць як балістычнымі, так і крылатымі ракетамі. Для першай з іх дакладна існуе ядзерная баявая частка — яе макет паказалі на зброевай выставе «Армія-2018». Боегалоўка, паводле ацэнак, можа мець магутнасць ад 5 да 50 кілатон тратылавага эквіваленту. Калі першае значэнне параўнальна невялікае (прыкладна чвэрць магутнасці амерыканскай бомбы «Малеча», якая ўпала на Хірасіму ў 1945 годзе), то боепрыпасам на 50 кілатон можна знішчыць цэлы горад.

Пра ядзерную боегалоўку для крылатай ракеты Р-500, якая выкарыстоўваецца ў расійскім комплексе, нічога асабліва не вядома. Аднак ёсць звесткі, што ракета можа дастаўляць баявую частку масай 480 кілаграмаў — прыкладна столькі ж, колькі ў балістычных ракет «Іскандэра» і ў ракет «Калібр», якія могуць несці ядзерныя боегалоўкі.

Пусковая установка российского ракетного комплекса «Искандер-М», который может использоваться как носитель тактического ядерного оружия, и транспортно-заряжающая машина к нему (слева). Фото: Vitaly V. Kuzmin. http://www.vitalykuzmin.net/Military/ARMY-2016
Пускавая ўстаноўка расійскага ракетнага комплексу «Іскандэр-М», які можа выкарыстоўвацца як носьбіт тактычнай ядзернай зброі, і транспартна-зараджальная машына да яе (злева). Фота: Vitaly V. Kuzmin. vitalykuzmin.net, CC BY-SA 4.0, commons.wikimedia.org

Таму, хутчэй за ўсё, крылатыя боепрыпасы «Іскандэра» змогуць абсталёўвацца прыкладна такімі ж па магутнасці зарадамі, як і балістычныя.

На якую далёкасць змогуць паляцець гэтыя ракеты ў выпадку пуску з Беларусі — пытанне няпростае. Калі грунтавацца на таблічнай далёкасці «Іскандэра» 500 кіламетраў — то ў радыусе дзеяння ракет, разгорнутых на захадзе нашай краіны, аказваюцца краіны Усходняй Еўропы: Украіна, Польшча, краіны Балтыі, Славакія, невялікая частка Чэхіі, Венгрыі, Румыніі і Малдовы.

Кругом ограничена территория, до которой способны долететь ракеты с дальностью в 500 километров, запускаемые из Беларуси. Карта: Google Maps
Кругам абмежаваная тэрыторыя, да якой здольныя даляцець ракеты з далёкасцю 500 кіламетраў, якія запускаюцца з захаду Беларусі. Карта: Google Maps

Аднак у тое, што «Іскандэр» можа страляць толькі на 500 кіламетраў, вераць не ўсе. Так, амерыканскае выданне The New York Times пісала пра тое, што крылатая ракета для расійскага комплексу — гэта варыянт ракеты «Калібр» з наземным пускам. Улічваючы, што далёкасць «Калібра» ацэньваецца ў 2500 кіламетраў, пад пускі такіх ракет трапляе ўжо практычна ўся Еўропа, акрамя Партугаліі. Зрэшты, гэтая інфармацыя не пацверджаная.

Пяройдзем да авіяцыі. Асноўныя ракеты «паветра-зямля», якія могуць несці Су-25, — гэта Х-25 і Х-29. Гэта боепрыпасы малога радыусу дзеяння, і пра ядзерныя баявыя часткі для іх ніколі нічога не было вядома. Тое ж датычыць і некіравальных авіяцыйных ракет, якія часта выкарыстоўваюцца штурмавікамі.

Такім чынам, хутчэй за ўсё, са зброі масавага паражэння, якую можна падвесіць пад крыло Су-25, застаюцца карэктавальныя ядзерныя бомбы або ядзерныя бомбы свабоднага падзення. Пра гэты від зброі ў Расіі амаль нічога не вядома, аж да таго факту, ці стаяць яны наогул на ўзбраенні (не кажучы ўжо пра канкрэтныя мадэлі). Расійскі сайт «Военное обозрение» пісаў пра тое, што на аснове ўрыўкавых звестак можна выказаць здагадку, што авіяцыя Расіі іх усё ж мае, і назваў мадэлі самалётаў, якія выкарыстоўваюць ядзерныя бомбы. Адным з іх аказаўся якраз Су-25.

Тактическая ядерная авиабомба РН-24 советского производства мощностью 5 кт. Фото: militaryrussia.ru
Тактычная ядзерная авіябомба РН-24 савецкай вытворчасці магутнасцю 5 кілатон. Фота: militaryrussia.ru

Раней СССР вырабляў такія боепрыпасы — да прыкладу, РН-24, знятую з узбраення ў 1984 годзе. Паводле адкрытых крыніц, яе магутнасць магла складаць ад 5 да 15 ці нават 20 кілатон (то-бок прыкладна роўная моцы «Малечы»). Зноў жа, хопіць для разбурэння цэлага горада.

Што датычыць далёкасці выкарыстання такіх боепрыпасаў, то яна абмежаваная толькі далёкасцю палёту самалёта (і дакладнасці СПА). Таблічная далёкасць палёту Су-25 у адзін бок складае 700 кіламетраў (калі бомба будзе карэктавальнай, да гэтага можна дадаць яшчэ 20−50 кіламетраў) — то-бок пад удар трапляе ўся Усходняя Еўропа і частка Заходняй. Тым не менш цяжка ўявіць сітуацыю, у якой не самы сучасны самалёт спакойна пралятае сотні кіламетраў над тэрыторыяй сумежных краін і яму ніхто не процідзейнічае.

У любым выпадку ядзерная зброя — хоць тактычная, хоць не — уяўляе сабой смяротную пагрозу, ставіцца да якой у свеце будуць максімальна сур’ёзна. І пра наступствы яе вяртання ў Беларусь пакуль можна толькі здагадвацца.