«Памежнікі, мытнікі, камітэтчыкі, куча людзей у цывільным. Ператрэслі ўсе рэчы», — паведаміў чытач «Люстэрка» пра сённяшнюю абстаноўку на ПП «Брэст» на беларуска-польскай мяжы. Аднак мытня сцвярджае, што яны працуюць у штатным рэжыме.
Мінчанін Георгій (імя змененае. — Заўв. рэд.) па працоўных пытаннях часта ездзіць у Польшчу. У нядзелю ён адправіўся туды чарговым разам. На цягніку мужчына даехаў да Брэста, а там перасеў на аўтобус, які ехаў у Польшчу.
— Людзей у аўтобусе было бітма. Я падумаў, што гэта праз тое, што памежны пераход «Брэст — Тэрэспаль» застаўся адзіным дзейным для пасажырскага транспарту, — паведаміў Георгій.
Першае, што трохі здзівіла мінчука на ўездзе ў пункт пропуску, — каля шлагбаўма, дзе знаходзіліся памежнікі, «распараджаўся» мужчына ў цывільным.
На пад’ездзе да будынка мытні пасажыры ўбачылі, што наперадзе стаяць два аўтобусы. Адзін неўзабаве з’ехаў, а з другога пачалі выходзіць людзі, яны бралі з багажнага аддзялення валізкі і торбы і ішлі з імі ў будынак.
— Такога раней ніколі не было. Звычайна ўсім пасажырам казалі браць толькі свае пашпарты, а потым ісці на кантроль, багаж пры гэтым паказваць не патрабавалі, — успамінае мужчына.
Георгій адзначыў, што людзей з аўтобуса, які стаяў наперадзе, доўга даглядалі, яго суседзі ўжо пачалі абурацца затрымкай. Хтосьці з пасажыраў выказаў здагадку, што «шухер праз самалёт, які ўзарвалі ў Мачулішчах».
Неўзабаве ў аўтобус, дзе знаходзіўся наш суразмоўца, зайшла мытніца і папрасіла ўсіх з багажом і дакументамі прайсці на дагляд у будынак мытні. Георгій кажа, што «падобна, паднялі ўсіх — там былі памежнікі, мытнікі, камітэтчыкі, куча людзей у цывільным».
— Дагляд праводзілі на чатырох сталах. Прычым толькі за адным быў мытнік у форме, за астатнімі — мужчыны ў цывільным. Яшчэ больш я ўразіўся, калі ў будынак парамі зайшлі восем мытнікаў.
Змесціва валізкі Георгія аглядаў і абмацваў чалавек у цывільным, паралельна ён задаваў пасажыру пытанні.
— Пытаў, адкуль і куды я еду, навошта мне ў Польшчу, у які горад еду, у колькі выехаў з Мінска і на якім цягніку, дзе і кім працую, якая прафесія. Праз пэўны час ён зноў спытаў, у колькі я з’ехаў з Мінска. Пры гэтым рукамі ён працаваў у валізе, а сам глядзеў мне ў твар.
У выніку ўсім пасажырам пасля надгляду дазволілі ехаць далей. Паводле Георгія, з моманту ўезду ў пункт пропуску і да таго, як аўтобус выехаў з беларускага боку, прайшло пяць гадзін. Раней кантроль займаў каля 30 хвілін.
Таксама сёння перасякаў мяжу праз гэты пункт пропуску сын беларускі Тамары. Аўтобус, у якім ён ехаў, затрымалі на некалькі гадзін. Жанчына вырашыла патэлефанаваць у беларускую мытню, каб даведацца, з чым звязаны такі пільны дагляд і чаму супрацоўнікі так павольна прапускаюць транспарт. У пункце мытнага афармлення «Варшаўскі мост» ёй паведамілі, што ў іх усё ў «штатным рэжыме» (запіс размовы ёсць у рэдакцыі).
— Нічога страшнага не адбываецца. Усё як і было — праз аўтобусную залу. Мы маем права праводзіць формы мытнага кантролю. Я вам не абавязаная ніякіх службовых пытанняў дакладваць, — даволі рэзка заявіла супрацоўніца мытні, калі жанчына, якая тэлефанавала, пачала высвятляць у яе прычыны затрымкі рэйса.
Нагадаем, раніцай у ваколіцах вайсковага аэрадрома ў Мачулішчах чулі два выбухі. У BYPOL паведамілі, што былі пашкоджаныя расійскі ваенна-транспартны самалёт і снегаўборачная тэхніка. У мясцовых чатах пісалі пра вялікую колькасць вайскоўцаў «з аўтаматчыкамі», праверкі машын, што праязджалі міма, абыходы супрацоўнікамі АМАП мясцовых жыхароў. У Мінабароны сітуацыю афіцыйна не каментавалі. На пытанні журналісткі «Люстэрка», якая патэлефанавала як занепакоеная мясцовая жыхарка, запэўнілі, што «гэта хлапкі і нічога страшнага не адбылося». У МНС сказалі, што інфармацыі пра выбухі не паступала.