Былы баец палка Каліноўскага Яўген Аўгуст Міхасюк 25 студзеня апублікаваў у твітары серыю допісаў пра тое, чаму ён сышоў з аб’яднання. У іх баец эмацыйна крытыкуе кіраўніцтва палка за непрафесіяналізм, выкарыстанне данатаў не па прызначэнні і блакаванне дзейнасці Офіса Ціханоўскай ва Украіне. Пракаментаваць выказванні Міхасюка «Люстэрка» папрасіла камандзіра палка Каліноўскага Дзяніса Кіта.
На чым палягаюць прэтэнзіі былога байца
У вайне ва Украіне Яўген Міхасюк удзельнічае з 28 лютага 2022 года. У палку Каліноўскага ён быў шараговым байцом, потым — камандзірам узвода, а пасля гэтага камандаваў групай разведкі. Акрамя таго, дапамагаў палку з арганізацыйнымі пытаннямі, знешнімі сувязямі, гуманітарнай дапамогай і не толькі. Трохі больш за месяц таму добраахвотнік пакінуў полк з шэрагу прычын, пра якія расказаў у твітары.
Адной з прычын адыходу Міхасюк называе кепскі менеджмент. Ён сцвярджае, што полк «кіруецца неадукаванымі і непрафесійнымі людзьмі, якія прымаюць дрэнныя і ганебныя рашэнні». Былы добраахвотнік таксама ўпэўнены, што інфармацыя пра падраздзяленне, якую кіраўніцтва палка Каліноўскага агучвае людзям, не адпавядае рэчаіснасці. Пры гэтым дэталяў і прыкладаў у публікацыі няма (аўтар абгрунтоўвае гэта асаблівасцямі твітара).
Экс-каліновец таксама абвінавачвае кіраўніцтва палка ў гвалце: ён заяўляе, што ў ПКК «усё на ўзроўні пацаноў з раёна і бандытаў», а «разборкі, біццё морды, запалохванне і ўціск — нармальная практыка». Тут добраахвотнік успамінае канфлікт паміж палком і атрадам «Ліцвін» у Адэсе.
У дадатак Яўген лічыць, што кіраўнічыя пасады ў палку займаюцца па знаёмстве: «Ёсць кола сяброў, невялікая тусовачка, якая ўзяла ў свае рукі вызваленчы рух і паразітуе на гэтай тэме». Ён сцвярджае, што данаты, гуманітарная і інфармацыйная падтрымка людзей выкарыстоўваюцца кіраўніцтвам «для нарошчвання асабістага капіталу і аказання ціску на шараговых байцоў».
Апошняя прэтэнзія былога байца — той факт, што полк кіруецца людзьмі, якія «ніколі нічога не рабілі ў Беларусі, ніколі не змагаліся за яе ў апазіцыйных структурах або падчас пратэстаў, не могуць сказаць і пары фраз па-беларуску, не ведаюць гісторыі і не разумеюць нават элементарнага: канцэпцыі свабоды думкі, слова, дэмакратыі і іншых каштоўнасцяў».
Акрамя таго, на думку Яўгена, кіраўніцтва палка сістэмна блакуе прысутнасць Офіса Ціханоўскай ва Украіне, каб заставацца там адзіным палітычным цэнтрам. Як сцвярджае былы баец, на ўсіх кансультацыях, на якія запрашаюць прадстаўнікоў палка, тыя крытыкуюць дзейнасць Офіса.
Заснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак падзякаваў Міхасюку за шчырасць і напісаў, што «не толькі BYSOL сутыкнуўся з праблемамі ў камунікацыі і ўзаемадзеянні з ПКК, і гэта праўда».
«Усе гэтыя абвінавачванні нікчэмна малыя»
Па каментар з нагоды агучаных прэтэнзій у адрас палка Каліноўскага мы звярнуліся да яго камандзіра Дзяніса Кіта. Той назваў іх словамі пакрыўджанага чалавека, але пракаментаваў пэўныя моманты.
— У сваім твітары Яўген піша, што данаты і гуманітарная падтрымка людзей выкарыстоўваюцца кіраўніцтвам ПКК «для нарошчвання асабістага капіталу». Ці ёсць у палка справаздачнасць пра ахвяраваныя грошы?
— Магу адказаць вам наступным чынам: у нас ёсць чалавек, які спецыяльна для такіх пытанняў вядзе ўсю бухгалтэрыю. Гэтая бухгалтэрыя адкрытая для кожнага байца, які можа прыйсці ў любы час, адкрыць любую папку і паглядзець, хто куды што траціў і колькі пералічваў.
Давайце так. Паколькі ў людзей ёсць уласцівасць не спраўляцца з выкананнем службы ў палку, яны звальняюцца. Атрымліваюцца пэўныя крыўды. І стандартнае, на што можна выкідаць негатыў, што не можа праверыць СМІ, — гэта, натуральна, фінансы. Аднак я вам кажу, кожны баец можа падысці і паглядзець. Былі такія хлопцы, якія прыходзілі. Пасля гэтых пытанняў мы і пачалі займацца гэтай усёй бухгалтэрыяй. І пасля таго як яна пачала існаваць, рэзка чамусьці перасталі ўзнікаць пытанні ўнутры падраздзялення.
Я вельмі добра ставіўся да пэўнага часу да гэтага чалавека, я і цяпер злосці не маю. Але пасля таго, што ён пачаў гаварыць у бок ПКК і кіраўніцтва, я змяніў сваё меркаванне. На жаль, людзі маюць уласцівасць мяняцца. Аўгуст — добры хлопец, але тое, што ён цяпер робіць, — гэта дэструктыўная праца па разбурэнні вобразу палка Каліноўскага.
— У сваім твітары ён таксама кажа, што полк сістэмна блакуе Офіс Святланы Ціханоўскай ва Украіне. Ці былі з вашага боку спробы неяк перашкодзіць камунікацыі Офіса і ўкраінскіх уладаў?
— З нагоды Офіса Ціханоўскай. Вядома, што яны прыязджалі прыблізна ў канцы лютага — пачатку сакавіка, не памятаю дакладна. Гэта была першая нашая неафіцыйная сустрэча, дзе мы пазнаёміліся адно з адным і не знайшлі абсалютна ніякіх пунктаў судакранання што да бачання свабоднай Беларусі. Бо падчас ваеннага становішча людзі думаюць пра інаўгурацыю Святланы Ціханоўскай. Яны казалі гэта тады, калі я толькі выйшаў з Бучы.
Другі раз прыехала меншая каманда, ніякай канкрэтыкі яны не далі: ні планаў, нічога. Пасядзелі, пагаварылі. Усё, на гэтым усе нашыя сустрэчы з Офісам Ціханоўскай скончыліся.
— Тут гаворка хутчэй пра тое, што полк блакуе не свае сустрэчы з Офісам, а крытыкуе яго і выступае супраць у камунікацыі з украінскімі ўладамі. Напрыклад, выкарыстоўваючы сувязі з дэпутатамі Вярхоўнай рады.
— Якія сувязі, вось шчыра? Інтэрв'ю, якія з’яўляюцца, — не мы іх ініцыюем. У нас вельмі вялікі запыт ад медыя, і заўсёды задаюцца пытанні, якія рыхтуюць медыя. І калі ў мяне ў тым ліку пытаюць пра маё меркаванне наконт Офіса Ціханоўскай, я кажу яго на аснове таго, што было фактычна. А фактычна не было падтрымкі на тым узроўні, які мы чакалі. <…>
Калі б у іх была выразная, яскравая пазіцыя з самага пачатку, яны б прыехалі, прапанавалі дапамогу, убачылі ў нас патэнцыял людзей, якія гатовыя ўзяць у рукі зброю і абараняць людзей, калі б яны ў нас паверылі ці хаця б разумелі, што мы патрэбныя ім, усё было б інакш. Але мы не ўбачылі зацікаўленых людзей. <…> Мы ўбачылі Сахашчыка, да якога куча пытанняў.
— Міхасюк таксама называе полк аналагам ПВК, толькі дзяржаўнага, сцвярджае, што на чале палка стаіць «невялікая тусовачка», і каб заняць кіраўнічую пасаду, трэба быць лаяльнымі да іх. А камунікацыя з салдатамі, паводле яго словаў, «на ўзроўні пацаноў з раёна і бандытаў». Вы можаце гэта неяк пракаментаваць?
— Спачатку возьмем за аснову, хто такі Аўгуст. Гэта чалавек досыць актыўны ў Беларусі, які ўвесь час хоча, каб яго выслухалі. Але калі хтосьці трапляе ў падраздзяленне і знаходзіцца на пазіцыі штурмавіка альбо разведчыка, у яго ёсць канкрэтная задача. І мы, кіраўніцтва, робім усё, што ў нашых сілах, каб забяспечыць гэтага байца: экіпіроўка, узбраенне і да таго падобнае. Але цяпер, калі вы кажаце мне, што, паводле яго словаў, полк — гэта ПВК… Гэта пазіцыя пакрыўджанага чалавека, які хоча, каб яго пачулі, бо ён прывык, што ён нешта вырашае.
Што да вышэйшага кіраўніцтва палка Каліноўскага, цяпер гэта тыя людзі, якія заснавалі роту яшчэ пры «Азове». У іх ліку быў і я. Я першым з беларусаў атрымаў раненне, разам з Аляксеем Псіхолагам і з Іллёй, які загінуў. І калі мне прапанавалі стаць камандзірам, улічваючы ўсе гэтыя моманты, я вельмі доўга супраціўляўся рашэнню калектыву. Але мяне выбралі. Я не стаў ім, таму што сказаў: «Ой, давайце, я ўсё ведаю». Я зраблю ўсё магчымае, каб стаць лепшым камандзірам.
З таго часу кіруюць людзі, якія былі асноўным касцяком і рабілі ўсю працу, каб полк стаў палком. <…> Людзі, якія былі ў самым пачатку ў «Азове», калі яшчэ нікога не было, калі нават не далі кліч. І гэта несправядлівасць?
Я вам скажу больш: калі хтосьці не будзе спраўляцца са сваімі абавязкамі, у такім выпадку ў нас людзі мяняюцца на пасадах. Няма такога, што начальнікі штабоў стаяць незалежна ад таго, спраўляюцца ці не.
— А калі чалавек прыйшоў нашмат пазней за заснаванне палка, але праявіў сябе, ён зможа заняць кіраўнічую пазіцыю?
— Вядома, да нас прыходзяць людзі з баявым досведам, з афіцэрскімі званнямі. Мы разглядаем кожнага па яго моцных баках. І калі мы разумеем, што чалавек як кіраўнік будзе спраўляцца лепш, то ў выніку ён зойме кіраўнічую пасаду, каб рабіць працу якасней. У нас усё адбываецца такім чынам: той, хто ў канкрэтнай справе робіць задачу лепш за ўсіх, той і стаіць [на чале]. <…>
Аўгуст- гэта выключэнне. І я вам сказаў чаму. Чалавек, які прывык з беларускага досведу быць у цэнтры ўвагі. Я абсалютна не варожы да яго, але мне вельмі непрыемна, калі людзі ў вочы мне кажуць, што Беларусь вышэй за ўсё, што полк — гэта добра, а цяпер выкочваюць такія вось брыдкія пасты.
Я ва Украіне знаходжуся дзявяты год, з канца 2014 года стараюся абараняць яе. З якой мэтай? Я хачу ўбачыць вольную Беларусь. Гэта мэта нумар адзін для мяне і для палка. Калі б у нас не было гэтых амбіцый па вызваленні Беларусі і правядзення свабодных выбараў — паверце, мы б пра стварэнне нейкага падраздзялення, большага за 20 чалавек, і не думалі б. <…> Калі ў нас ёсць шанец, хаця б адна найменшая магчымасць вызваліць Беларусь, мы яе выкарыстоўваем. І калі я бачу начальніка штаба, які ад праведзенай працы за дзень проста закіпае, калі я бачу кожнага чальца нашага кіраўніцтва, я разумею, для чаго яны ўсё гэта робяць. А калі з’яўляюцца вось такія выказванні… Раней гэта збівала мяне з ног. Але я навучыўся спраўляцца.
Я гэта да чаго кажу? Усе гэтыя абвінавачанні нікчэмна малыя ў параўнанні з тым, што я аддаў за гэтыя гады. Гэта падобна да таго, што я сеў такі са сваімі сябрукамі на мяшкі грошай, бляха, і сяджу, н****а не раблю. Сабе кішэні набіваю, езджу, напэўна, на дарагой тачцы.
Калі б у людзей былі доказы, што Кіт ездзіць на Lexus, — іншая рэч. Але гэтага няма і не будзе. Таму што ўсё, што даюць нам валанцёры, ідзе на дапамогу нашым хлопцам. І калі вылятаюць вось такія людзі з такімі прэтэнзіямі… Не для таго мы сабраліся ў полк Каліноўскага, каб распілоўваць грошы. Калі б мне Аўгуст такое сказаў у твар, я б вельмі моцна раззлаваўся. І мы б па-мужчынску з ім пагаварылі.