Іван — «увайсцішнік», бізнэс-аналітык з 4-гадовым стажам. Але ёсць у яго і неафіцыйны стаж у ІТ: вось ужо 15 гадоў Іван спрабуе ўладкавацца на працу ў EPAM. І ўсё беспаспяхова. Сваю гісторыю ён распавёў devby.io.
Чаму EPAM
Пасля ўніверсітэта ўсе мае сябры пайшлі працаваць у EPAM, мяне атачалі адныя праграмісты. Я не быў тэхнаром, скончыў юрыдычны, але таксама хацеў патрапіць у EPAM.
Было адчуванне, што EPAM — гэта цытадэль, куды трапляюць найлепшыя з найлепшых. Вось як раней айфон: валоданне ім — прыкмета статусу і крутасці. І мне таксама захацелася.
Усяго я сем разоў спрабаваў туды патрапіць. Пачатак быў пакладзены яшчэ ў маім даайцішным жыцці. Потым я стаў айцішнікам, а мара ўладкавацца ў EPAM усё яшчэ са мной.
Першая спроба
Гэта быў 2008 год. Я працаваў юрыстам у буйным дзяржаўным банку і думаў перайсці ў іншае месца.
У той час, каб стаць суіскальнікам на пасаду ў EPAM (я прэтэндаваў на вакансію юрыста), трэба было запоўніць анкету, паводле аб’ёму інфармацыі суразмерную з анкетай пры падачы на амерыканскую візу. Я ўсё запоўніў, сябры дапамаглі з водгукамі. На заяўку прыйшла адмова. Яно і зразумела: у мяне ж не было досведу працы ў камерцыйнай структуры.
Пераканаўся, што проста так у EPAM не патрапіць, і на нейкі час пакінуў мару.
Другая спроба
У 2013 годзе я атрымаў другую вышэйшую адукацыю (менеджар-эканаміст), перайшоў у прыватную кампанію і, калі ўбачыў вакансію, паспрабаваў яшчэ раз. Зноў на юрыста.
Да анкеты прыкладаўся цікавы тэст на логіку і кемлівасць — апошнім часам я такіх тэстаў не назіраю. Усё адправіў — і, вядома, зноў адмова.
Чаму вядома? Сфармаванае стаўленне да EPAM як да месца, куды трапляюць найлепшыя з найлепшых, нікуды не падзелася. І, адпраўляючы рэзюмэ, я не спадзяваўся на цуд.
Магчыма, мой досвед у камерцыйнай арганізацыі быў недастатковым. Праз некаторы час вакансія знікла, і адначасова я ўбачыў, што мая аднакурсніца памяняла статус у ФБ: пачала працаваць у юрдэпартаменце EPAM.
Зрабіў выснову: юрыстам нялёгка ўладкавацца на добрае месца, можа, трэба каб за цябе закінулі слоўца. Але да EPAM я гэтай умовы не адношу. Мая аднакурсніца была выдатніцай, а я атрымліваў проста добрыя знакі, так што ўсё сумленна.
Трэцяя спроба
У 2016-м я вырашыў крута памяняць сваю дзейнасць і перавучыцца на распрацоўшчыка софту. Мне тады было 30, паставіў сабе за мэту ўвайсці ў ІТ да 35-і.
У ІТ-акадэміі «Крок» я правучыўся 2,5 гады. Паступаў на распрацоўшчыка, але потым адкрыўся курс проджэкт-менеджменту, і я зразумеў, што гэта мне бліжэй, чым распрацоўка, перайшоў туды.
Выкладчыкі там былі цудоўныя. Адзін з іх дапамог зразумець, што я больш схільны да бізнэс-аналітыкі.
Яшчэ падчас курсаў, у 2018-м, я зноў паспрабаваў заняць вакансію ў EPAM — як BA. Беспаспяхова. Прыйшоў такі адказ: «Дзякуй вам за цікавасць да вакансіі Business Analyst. На жаль, не змагу запрасіць вас на сумоўе цяпер, бо ў нас адкрытыя пазіцыі на праектах, дзе патрабуецца досвед мінімум 2 гады ў чыстым ІТ-бізнэс-аналізе».
Затое праз некалькі месяцаў усё ж увайшоў у ІТ— уладкаваўся бізнэс-аналітыкам у невялікую аўтсорс-кампанію.
Чацвёртая спроба
У 2019-м я хацеў падацца ў EPAM на пасаду PM, але не было адпаведных вакансій.
Зрэшты, я не пакідаў спадзеваў прабіцца ў гэтую цытадэль. І аднойчы я ў яе амаль патрапіў. У LinkedIn з’явіліся вакансіі ў сэрвіс-дэску на праект, звязаны з машынным навучаннем. Праца — механічная, трэба было навучыць машыну распазнаваць тып дакументацыі. Туды набіралі ўсіх і кожнага, галоўнае патрабаванне было правільна ідэнтыфікаваць дакументы. Я таксама падышоў і два тыдні займаўся тым, што запампоўваў у камп’ютар файлы.
То быў праменьчык спадзеву (а раптам потым возьмуць на паўнавартасную пасаду?), але ён нікуды мяне не прывёў. І ў цэлым гэты двухтыднёвы досвед я не разглядаю як рэлевантны.
Пятая спроба. З сумоўем
У 2021 годзе да мяне ў LinkedIn упершыню сам пагрукаўся рэкруцёр EPAMa. Іван, ці не жадаеце вы пагутарыць? Я, вядома, жадаў.
Нарэшце было прызначана сумоўе, яно выявілася крутым і карысным — епамаўскія сумоўі наогул добрыя.
Але я яго не прайшоў. Чаму? У жыцці ўвайсцішніка ёсць некалькі этапаў: 1) увайсці ў ІТ; 2) з маленькай канторы трапіць у вялікую. Другі этап быў мне яшчэ не па зубах: усё ж такі працэсы ў вялікай арганізацыі адрозніваюцца ад тых, што ў маленькай. У маленькіх кампаніях камунікацыя часта будуецца на чалавечых адносінах, яны прасцейшыя і хутчэйшыя. У вялікіх карпарацыях — складана выбудаваныя працэсы.
Мяне на гэтым і падрэзалі: сталі задаваць пытанні, у якіх я не меў практычнага досведу. А веды тэорыі былі недастатковымі.
У выніку прыйшла адмова з фідбэкам, што трэба падцягнуць. Добра, я ўсё зразумеў.
Аднак жаданне сысці са сваёй маленькай фірмы ўжо сфармавалася, я прайшоў сумоўе і сышоў у буйную кампанію. Што праўда, прапрацаваў нядоўга — выявілася, што заробак там плацяць 25-га чысла наступнага месяца. Для мяне ў той момант гэта было крытычна і непрымальна. Я пайшоў у іншую кампанію, на 500+ чалавек.
Шостая спроба
Наступны раз я пагрукаўся ў EPAM у жніўні 2022 года. Прайшоў тэхнічнае сумоўе і атрымаў добры фідбэк, мяне ранжыравалі як «амаль сеньёра». Думаеце, узялі? Нічога падобнага. Вусна мне сказалі, што ў іх лішак мідлоў і мідлоў+ на бэнчы, і таму яны не гатовыя мяне прыняць.
Мабыць, я не зусім сеньёр, а хутчэй мідл+. Магчыма, я не ўдзельнічаў у працэсах, на якія яны разлічвалі. Так, уяўленне пра іх маю, але практыкі не было.
Сёмая спроба
Зусім свежая. У лістападзе сяджу, нікога не чапаю — раптам пішуць мне зноў з EPAMa: Іван, ці не хочаце? Хачу.
Пагутарылі з рэкруцёрам, пасмяяліся. Кажу: вось у 2023 годзе будзе 15 гадоў, як я спрабую трапіць у EPAM на паўнавартасную пасаду.
Рыхтуюся да тэхнічнага сумоўя, ужо не ўяўляючы, пра што мяне будуць пытаць. Але EPAM умее здзіўляць. Сумоўе было цалкам на англійскай, 1,5 гадзіны. Правяралі, ці падцягнуў я моманты, якія былі паказаныя раней.
Ужо праз некалькі гадзін прыйшоў фідбэк. Пачынаўся ён так: у цэлым Іван — добры кандыдат. Надзея забілася ў маім сэрцы. Але рэкруцёрка сказала, што гэта яшчэ ні пра што не кажа, што трэба нешта ўзгадніць. І вось яна вяртаецца з чарговай адмовай. Матыў як і ў жніўні: вялікі бэнч з мідлоў.
Але тут я ўжо быў збянтэжаны. Спадарства, калі ў вас вялікі бэнч, нашто вы праводзіце гутаркі? Ці вы разлічвалі, што я выяўлюся сеньёрам? Дык мне, здаецца, і сеньёрскіх пытанняў не задавалі. Што праўда, я не вельмі разумею, што такое сеньёрскія пытанні бізнэс-аналітыку. Хоць растлумачце тады, хто ў вашым уяўленні сеньёр, якімі скіламі ён мусіць валодаць?
Карацей, цуду не адбылося. Яшчэ адная выснова: станоўчы фідбэк не гарантуе працаўладкавання. Але я ўсё ж рады ўдзелу ў гэтых сумоўях: у EPAM яны праходзяць правільна і не пакідаюць адчування, што цябе вытрыбушылі.
Ці ахвота яшчэ ў EPAM
Ужо і не ведаю. Знаёмы мне кажа: нашто ты так упёрся, яно табе наогул трэба?
Можа, гэта і нездарова, можа, разнавіднасць стакгольмскага сіндрому: твая ідэя фікс бярэ цябе ў закладнікі, а ты да яе прывязваешся.
З іншага боку, у ІТ я ўсё адно ўвайшоў, так што галоўная мэта дасягнутая.
Чытайце таксама на devby.io:
В EPAM сотрудники высказались за отказ от корпоратива
Джун отозвался на 1000 вакансий — и ничего. Такое время или CV?
На что жалуются айтишники из EPAM, Itransition и вообще большого аутсорса
Читать полностью: https://zerkalo-by-page.store/news/life/27703.html?c