Беларускія вайскоўцы запісалі адказ сваім калегам з Узброеных сіл Украіны, якія раней заклікалі беларусаў не ўдзельнічаць у вайне. Відэа апублікавала раніцай 26 кастрычніка прэс-служба Мінабароны.
Ролік выкананы ў падобнай стылістыцы. Удзел у здымцы ўзялі дзейныя і былыя вайскоўцы беларускай арміі. Для «перабівак» выкарыстоўваліся архіўныя запісы часоў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама аэраздымка Кіева.
— Наш адказ калегам з УСУ. Вашы ЦІПсА (цэнтры інфармацыйна-псіхалагічных аперацый. — Заўв. рэд.) запускаюць пафасныя ролікі са зваротам да беларусаў. Спрабуюць нас у чымсьці абвінаваціць. Месцамі нават запалохаць, — сказаў на камеру першы вайсковец.
— Але ж мы з вамі людзі ваенныя і разумеем, што запалохванне — гэта доля слабых, — працягнуў вайсковец у форме сіл спецаперацый. — Ужо нядрэнна тое, што вы ўспомнілі, што мы — братэрскія народы. Гэта пазітыўны сігнал. Генетычная памяць да вас пачынае вяртацца.
Трэці спікер заклікаў успомніць, што «нашы дзяды і прадзеды» дайшлі да Берліна, «дабілі фашыста ў яго логаве, пакуль усмешлівая і талерантная Еўропа здавалася».
— Што датычыць нас, паўторым тое, што не раз заяўлялі на ўсіх узроўнях: «Калі вы не хочаце з намі вайны — яе не будзе». Не правакуйце нас, не спрабуйце запалохваць, не нагнятайце, і будзе так, як вы хочаце, — звярнуўся да УСУ першы спікер.
— Мы вайны не хочам і нікому не пагражаем, — сказаў іншы.
— Але на выклікі і правакацыі адкажам без прамаруджання, — сказаў на заканчэнне вайсковец сіл спецаперацый.
Нагадаем, раней Узброеныя сілы Украіны звярнуліся да беларускага народа з заклікам не выконваць злачынныя загады свайго кіраўніцтва і не ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.
— Стагоддзямі нашы народы звязвалі сяброўскія і добрасуседскія адносіны. Шмат разоў у нашай гісторыі мы разам змагаліся супраць агульных ворагаў, заўсёды падтрымлівалі адно аднаго і жылі ў міры. Сёння вашае кіраўніцтва рыхтуецца далучыцца да расійскай узброенай агрэсіі супраць Украіны. Збіраецца ўцягнуць беларускі народ у брудную вайну, запляміць крывёю і смерцю, — гаварылася ў звароце.
Гэта не першы зварот да Беларусі ад украінцаў з пачатку вайны. Папярэдні быў зняты ў ліпені і адрасаваўся беларускім вайскоўцам.