Аляксандр Лукашэнка падчас дакладу пра эфектыўнасць працы АПК назваў «галоўную задачу і абяцанне» беларускаму народу ў перадвыбарны перыяд, паведамляе прэс-служба палітыка. Паводле яго версіі, перад выбарамі ўладам «трэба будзе скакаць вышэй» — гэта прагучала ў кантэксце якасці айчынных прадуктаў.
Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка заслухаў даклад пра працу аграпрамысловага комплексу. Сярод удзельнікаў былі віцэ-прэм'ер Юрый Шулейка, міністр сельскай гаспадаркі Анатоль Ліневіч, кіраўнік Мінскай вобласці Аляксандр Турчын і старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў.
Размова зайшла і пра блізкія прэзідэнцкія выбары.
— Ідучы да людзей сёння з экзаменам (яны ў нас прымуць экзамен за пяцігодку), мы павінныя сказаць, што мы зробім. Канкрэтна. Вось і ўся палітыка. А прыгожа гаварыць мы ўсе ўмеем. У нас, напэўна, дзясяткаў пяць [чалавек], якія прыгожа могуць паднесці, нешта сказаць. Гэта трэба ўмець палітыку, будучаму прэзідэнту. Але галоўнае — гэта канкрэтыка: што ты зробіш, — заявіў Лукашэнка.
Гаворачы пра пытанні развіцця АПК, ён запатрабаваў «сялянам дапамагаць».
— Ведаеце, людзей усё менш і менш [на вёсцы]. Уладзімір Яўгенавіч (старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Заўв. рэд.) высмоктвае з вёскі ўсё, што можна, у Мінск. Ужо 2 млн чалавек. Усё далей і далей. Ну дык трэба, каб і аддача была для вёскі, бо людзей жа карміць трэба. Гэтыя 2 млн у Мінску — яны ж есці хочуць кожны дзень усе. Ад маленькіх дзетак да дарослых, — паскардзіўся Лукашэнка, але дадаў, што «мы навучыліся гэта рабіць (вырабляць прадукты. — Заўв. рэд.)» і «робім гэта вельмі якасна».
Паводле Лукашэнкі, якасць беларускіх прадуктаў харчавання цэніцца і за мяжой і нават замежныя лідары «часам просяць яго даслаць нешта на пробу».
— Таму мы навучыліся гэта рабіць. Але пакуль мы вось выйшлі на нейкую гарызантальную лінію і вышэй скакаць не можам. А трэба будзе скакаць. І гэта галоўная нашая задача і абяцанне беларускаму народу ў гэты перадвыбарны перыяд, — заявіў палітык.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка нядаўна ўжо скардзіўся на «перанаселены» Мінск і дзяліўся намерам разгрузіць сталіцу. Паводле яго ўяўлення, гэтага можна дабіцца праз развіццё гарадоў-спадарожнікаў, а для пачатку падумаць пра будаўніцтва «больш хуткасных, незалежных ад аўтамабільных дарог, участкаў» чыгункі, якія вядуць у гэтыя населеныя пункты.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаныя на 26 студзеня 2025 года. 26 кастрычніка ЦВК прыняў дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па вылучэнні Лукашэнкі кандыдатам у прэзідэнты.
Чытайце таксама