Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня прызначыў новага кіраўніка Міністэрства аховы здароўя. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.
Новым міністрам аховы здароўя стаў Аляксандр Хаджаеў. Да гэтага ён узначальваў РНПЦ псіхічнага здароўя, а раней працаваў у Галоўным упраўленні арганізацыі медыцынскай дапамогі Мінздароўя.
Лукашэнка таксама заявіў, што ўжо былога міністра аховы здароўя, Дзмітрыя Піневіча, працаўладкуюць: «Я бачу яго на іншай пасадзе. Чалавек малады, энергічны. Адпускаць яго „на супакой“ ніхто не збіраецца».
Ён таксама падкрэсліў, што кадравая ратацыя напярэдадні важных выбарчых кампаній — гэта практыка, якая ўжо склалася ў краіне.
Пра Аляксандра Хаджаева вядома няшмат. Ён кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт. У 2004 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны медуніверсітэт. Чатыры гады прапрацаваў доктарам-стажорам па спецыяльнасці «Паталагічная анатомія», доктарам-патолагаанатамам патолагаанатамічнага аддзялення РНПЦ імені Аляксандрава. Потым тры гады адвучыўся ў аспірантуры БелМАПА па спецыяльнасці «Псіхіятрыя». З 2011 да 2018 года быў вядучым лабарантам, асістэнтам, дацэнтам кафедры псіхатэрапіі і медыцынскай псіхалогіі БелМАПА.
У траўні 2021 года быў прызначаны дырэктарам РНПЦ псіхічнага здароўя.
Нагадаем, Дзмітрыю Піневічу 56 гадоў. Ён ураджэнец Вілейскага раёна, скончыў Ленінградскую вайскова-медыцынскую акадэмію імені Кірава. Быў прызначаны міністрам аховы здароўя Беларусі 27 лістапада 2020 года.