Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Уроженца Беларуси расстреляли за отказ участвовать в «мясном штурме» на Донбассе — проект «Хочу жить»
  2. Зеленский: «Россия что-то готовит в Беларуси этим летом»
  3. На трассе в Варшаве автобус с беларусами и украинцами перевернулся на бок и влетел в столб, есть пострадавшие
  4. В Украине опубликовали списки беларусов, воюющих на стороне России. Там больше 700 человек
  5. Москва объявляет односторонние перемирия ради выгоды, а не мира — ISW
  6. В прошлый раз иностранцы массово переселились в Беларусь в 17 веке, а последствия чувствуются до сих пор. Рассказываем
  7. Всех, кто в воскресенье ехал из Беларуси в Россию и обратно, проверяли военные. Рассказываем
  8. Каким будет курс доллара в самую короткую рабочую неделю года? Прогноз по валютам
  9. Лукашенко на переговорах с Путиным оправдывался за георгиевскую ленточку
  10. Летом введут существенные изменения, которые могут повлиять на толщину ваших кошельков. Посмотрите, касается ли это вас и ваших родных
  11. Мобильные операторы вводят изменения для клиентов. Есть смысл изучить их, если для вас важно сохранить свой номер телефона
  12. «Боюсь, ночью могут начаться мародерства». Беларусы Испании и Португалии рассказали «Зеркалу», как переживают глобальный блэкаут
  13. Путин объявил еще одно перемирие на украинском фронте
Читать по-русски


У канцы снежня мясцовыя саветы дэпутатаў зацвердзілі бюджэты гарадоў, раёнаў і абласцей Беларусі на 2023 год. Цяпер, пад канец студзеня, гэтыя дакументы пачалі публікавацца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Мы звярнулі ўвагу, што ў адным з раёнаў сумы, вылучаныя на забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі, выраслі ў параўнанні з 2022 годам у некалькі разоў. Праверылі яшчэ некалькі раёнаў — тое самае. Тады мы вырашылі вывучыць усе даступныя бюджэты. Карціна атрымалася трывожнай.

Призывник ставит подпись в военном билете во время осеннего призыва на срочную военную службу, Слуцк, 21 ноября 2014 года. Фото: TUT.BY
Прызыўнік ставіць подпіс у ваенным білеце падчас восеньскага прызыву на тэрміновую вайсковую службу, Слуцк, 21 лістапада 2014 года. Фота: TUT.BY

На дадзены момант афіцыйна апублікаваныя бюджэты ўсіх абласцей і Мінска. Аказалася, што ва ўсіх рэгіёнах выдаткі па графе «Нацыянальная абарона — забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі» (гэта адзіныя абаронныя выдаткі, ускладзеныя на мясцовыя ўлады) на 2023 год запланаваныя ў значна большым аб’ёме, чым у 2022-м.

Самы маленькі прырост выдаткаў — у Мінску і Гродзенскай вобласці. А вось у Гомельскай вобласці гэтая графа «пацяжэла» ў 1,8 разу, у Віцебскай і Брэсцкай — амаль у два разы. У бюджэце Магілёўскай вобласці на падрыхтоўку мабілізацыі наогул вылучылі ў 4,3 разу больш грошай, чым год таму, і ледзь не столькі ж, як ва ўсіх іншых рэгіёнах разам узятых.

Рэгіён / Выдаткі на мабілізацыю і іх доля ў бюджэце рэгіёна

2023 год, рублёў / працэнт

2022 год, рублёў
Брэсцкая вобласць 1 636 407 (0,065%) 885 000
Віцебская вобласць 1 832 051 (0,083%) 996 601
Гомельская вобласць 2 837 769 (0,1%) 1 616 400
Гродзенская вобласць 651 693 (0,038%) 577 407
Мінская вобласць 1 580 101 (0,066%) 1 152 452
Магілёўская вобласць 9 368 869 (0,37%) 2 153 055
Мінск 1 959 359 (0,021%) 1 849 515

Па раёнах і гарадах пакуль апублікаваныя далёка не ўсе бюджэты — у Магілёўскай вобласці амаль усе, у Віцебскай — амаль напалову, у Брэсцкай і Мінскай — часткова. У Гомельскай і Гродзенскай — ніводнага.

Усяго мы знайшлі і прааналізавалі бюджэты 40 з лішнім раёнаў і гарадоў абласнога падпарадкавання. Гэта больш чым траціна ўсіх раёнаў Беларусі. І гэтыя дакументы вельмі паказальныя.

Так, выявілася, што практычна ва ўсіх мясцовых бюджэтах на графу «Нацыянальная абарона — забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі» ў 2023 годзе таксама вылучылі прыкметна больш грошай, чым год таму. Як дзеляцца выдаткі па гэтай графе паміж абласнымі і мясцовымі бюджэтамі, мы не ведаем. Але вялікі прырост планаваных выдаткаў відавочны на абодвух узроўнях.

Што такое «забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі»

Згодна з законам «Аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі»:

  • мабілізацыйная падрыхтоўка — сістэма мерапрыемстваў у мірны час па падрыхтоўцы эканомікі, дзяржаўных органаў, Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў, а таксама спецыяльных фарміраванняў, якія ствараюцца дзяржаўнымі органамі, да забяспечання абароны суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу РБ і задавальнення патрэбаў дзяржавы і патрэбаў насельніцтва ў ваенны час;
  • мабілізацыя (поўная ці частковая) — комплекс мерапрыемстваў па пераводзе эканомікі і дзяржаўных органаў на працу ва ўмовах ваеннага часу, а таксама комплекс мерапрыемстваў вайсковай мабілізацыі;
  • вайсковая мабілізацыя — комплекс мерапрыемстваў па пераводзе Узброеных сіл, іншых войскаў і вайсковых фарміраванняў на арганізацыйна-штатную структуру ваеннага часу, а таксама па іх укамплектаванні асабовым складам у адпаведнасці са штатамі і нормамі ваеннага часу, забяспечанні ўзбраеннем, ваеннай тэхнікай і матэрыяльнымі каштоўнасцямі за кошт створаных у мірны час дзяржаўнага і мабілізацыйнага матэрыяльных рэзерваў і рэсурсаў эканомікі.

У пералік мерапрыемстваў па забяспечанні мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі, у прыватнасці, уваходзяць наступныя:

  • падрыхтоўка да правядзення вайсковай мабілізацыі і яе правядзенне;
  • падрыхтоўка і арганізацыя забяспечання насельніцтва, медабслугоўвання, забяспечання сродкамі сувязі і транспартнымі сродкамі ў перыяд мабілізацыі і ў ваенны час;
  • арганізацыя вайсковага ўліку ваеннаабавязаных і прызыўнікоў у дзяржаўных органах, арганізацыях;
  • падрыхтоўка грамадзян па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях для камплектавання войскаў у мірны і ваенны час;
  • правядзенне вучэнняў і трэніровак па мабілізацыйным разгортванні і выкананні мабілізацыйных планаў;
  • падрыхтоўка тэхнікі для камплектавання войскаў і спецыяльных фарміраванняў у перыяд мабілізацыі і ў ваенны час;
  • назапашванне, захоўванне і асвяжэнне матэрыяльных каштоўнасцяў у дзяржаўным і мабілізацыйным матэрыяльных рэзервах;
  • стварэнне і падрыхтоўка запасных пунктаў кіравання дзяржорганаў да працы ва ўмовах ваеннага часу;
  • правядзенне мерапрыемстваў па пераводзе дзяржорганаў і эканомікі Рэспублікі Беларусь на працу ва ўмовах ваеннага часу;
  • падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў мабілізацыйных органаў.

Фінансаванне гэтых мерапрыемстваў ажыццяўляецца з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама іншых законных крыніц. Што менавіта фінансуюць мясцовыя бюджэты з пераліку вышэй, у законе выразна не прапісана. Парадак фінансавання вызначае Саўмін.

У многіх раёнах, асабліва ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях, сумы выдаткаў на мабілізацыю хоць і падраслі, але ўсё роўна застаюцца невялікімі — па дзве-тры тысячы рублёў, а, напрыклад, у Глыбоцкім раёне — наогул 760 рублёў. У некаторых такіх раёнах раней выдаткаў на мабілізацыю амаль не было — а сёлета яны рэзка пайшлі ўверх: напрыклад, у Крычаўскім раёне — у 13 разоў (да 6,8 тыс. рублёў), у Касцюковіцкім — у 9 разоў (да 16,6 тыс. рублёў). А ў Глускім — наогул у 26 разоў: са 130 рублёў да 3390.

Буйныя і нашмат большыя, чым раней, сумы выдаткаў на падрыхтоўку мабілізацыі можна адзначыць у Оршы (23 тысячы рублёў, рост у 14 разоў), Лунінцы (42 тысячы, рост у 2,5 разу), Віцебску (79 тысяч, рост амаль удвая), Бабруйску (66 тысяч, рост у 11 разоў).

Толькі ў сямі з разгледжаных раёнаў (напрыклад, Уздзенскім, Клецкім, Дрыбінскім і Бабруйскім), а таксама ў горадзе Магілёве выдаткі на мабілізацыю сёлета знізяць, яшчэ ў адным раёне сума засталася без зменаў. Мацней за ўсё вылучаецца Браслаўскі раён: летась там выдаткавалі на мабілізацыю цэлыя 92 тыс. рублёў, у гэтым — 9,7 тыс., то-бок у дзевяць разоў менш. Акрамя таго, у Мінскім раёне летась вылучылі 391 тыс. рублёў, а сёлета нашмат менш — 125 тысяч.

У большасці раёнаў выдаткі на мабілізацыйную падрыхтоўку нават пасля шматразовых павышэнняў займаюць толькі нязначную долю мясцовага бюджэту — у асноўным да 0,03%. Але не ўсюды.

Лідары росту

Сярод раёнаў і гарадоў, чые бюджэты ўжо раскрытыя, мы вылучылі тыя, дзе на падрыхтоўку мабілізацыі сёлета вырашылі выдаткаваць больш за ўсё — і нашмат больш, чым у 2022-м.

Так, у Быхаўскім раёне летась у бюджэце нават не было графы «на мабілізацыю». Сёлета выдаткі складаюць 91 тыс. рублёў. У Слуцкім раёне выдаткі выраслі больш чым у сем разоў — да 126 тыс. рублёў. У Баранавічах — з 50 тыс. да 134 тыс. рублёў.

Самы вялікі скачок выдаткаў на падрыхтоўку да мабілізацыі адбыўся ў двух райцэнтрах Магілёўшчыны. У Асіповіцкім раёне яны выраслі з 1,5 тыс. да 201 тыс. рублёў, то-бок у 134 разы. А ў Чавускім раёне — наогул з 942 да 210 тыс. рублёў, у 223 разы.

У абсалютных лічбах лідарамі гэтай мабілізацыйнай гонкі аказаліся суседнія Кобрынскі раён і горад Пінск (у Пінскім раёне гэтай графы ў бюджэце няма). У іх вылучаныя амаль аднолькавыя сумы, і яны велізарныя: у Пінску — 4 млн 367,6 тыс. рублёў, у Кобрынскім раёне — 4 млн 364,6 тыс. Гэта больш, чым увесь бюджэт па дадзенай графе Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей разам узятых. Пры гэтым летась Пінск выдаткаваў на гэтыя мэты ўсяго 56 тыс. рублёў (у 78 разоў менш), а Кобрын — 101 тыс. (у 43 разы менш).

Раён / Выдаткі на мабілізацыю 2023 год, рублёў / працэнт мясцовага бюджэту 2022 год, рублёў / працэнт мясцовага бюджэту
Пінск 4 367 600 (1,47%) 56 000 (0,023%)
Кобрынскі раён 4 364 600 (2,44%) 101 000 (0,07%)
Чавускі раён 210 530 (0,4%) 942 (0,01%)
Асіповіцкі раён 201 000 (0,2%) 1500 (0,0017%)
Баранавічы 134 000 (0,037%) 49 913 (0,017%)
Слуцкі раён 126 100 (0,06%) 17 000 (0,01%)
Быхаўскі раён 91 250 (0,12%) нуль

Для мясцовых бюджэтаў гэта, у адрозненне ад іншых рэгіёнаў, ужо вельмі адчувальныя грошы. Калі ў Пінску на мабілізацыю вылучылі 1,5% бюджэту, то ў Кобрыне — 2,44%.

Сума ў 4,3 млн рублёў — гэта больш бюджэтных грошай, чым Пінск і Кобрын за цэлы год выдаткоўваюць на гарадскі транспарт або на сферу культуры. Гэта супастаўна з выдаткамі на ўсю сацыяльную абарону або на дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі. У Пінску мабілізацыйныя мерапрыемствы абыдуцца ў палову гадавога бюджэту ўсёй сферы ЖКГ, а ў Кобрыне — даражэй, чым добраўпарадкаванне тэрыторый раёна.

Бюджет Пинска
Бюджэт Пінска
Бюджет Пинска
Бюджэт Пінска
Бюджет Кобринского района
Бюджэт Кобрынскага раёна
Бюджет Кобринского района
Бюджэт Кобрынскага раёна

Чым выкліканы такі велізарны рост выдаткаў на падрыхтоўку да мабілізацыі менавіта ў пералічаных раёнах, мы не ведаем. Некаторыя з іх вылучаюцца ў ваенным аспекце: Баранавічы і Асіповічы — буйныя вузлы, дзе сыходзяцца транспартныя шляхі і сканцэнтраваныя вайсковыя аб’екты, палігоны; у Быхаве ёсць закінуты вайсковы аэрадром, адзін з найважнейшых у часы СССР. Зрэшты, выдаткі на вайсковую інфраструктуру графа «забяспечанне мабілізацыі» ўключаць не мусіць.

Зводная табліца выдаткаў на мабілізацыйную падрыхтоўку мясцовых бюджэтаў на 2023 год, апублікаваных да 27 студзеня

Раён / Выдаткі на мабілізацыю 2023 год, рублёў 2022 год, рублёў
  • Мінская вобласць
   
Слуцкі раён 126 100 17 000
Мінскі раён 125 000 391 000
Клецкі раён 55 000 68 000
Салігорскі раён 21 000 7500
Лагойскі раён 19 000 16 000
Смалявіцкі раён 11 940 8700
Уздзенскі раён 5500 25 500
г. Жодзіна 2100 нуль
  • Брэсцкая вобласць
   
г. Пінск 4 367 600 56 000
Кобрынскі раён 4 364 600 101 000
г. Баранавічы 134 000 49 913
Лунінецкі раён 41 625 17 000
Івацэвіцкі раён 20 000 15 000
Ганцавіцкі раён 14 000 14 000
  • Віцебская вобласць
   
г. Віцебск 79 220 43 200
Аршанскі раён 22 960 1600
Мёрскі раён 16 460 13 740
Шумілінскі раён 12 960 6600
Талачынскі раён 10 460 7375
Браслаўскі раён 9720 91 990
Расонскі раён 2260 2380
Глыбоцкі раён 760 400
  • Магілёўская вобласць
   
Чавускі раён 210 530 942
Асіповіцкі раён 201 000 1500
Быхаўскі раён 91 250 нуль
г. Бабруйск 65 250 6070
г. Магілёў 64 675 88 535
Чэрыкаўскі раён 21 693 4320
Касцюковіцкі раён 16 640 1750
Бабруйскі раён 10 127 17 000
Крычаўскі раён 6795 536
Горацкі раён 5950 1358
Круглянскі раён 5872 3900
Мсціслаўскі раён 5725 1800
Краснапольскі раён 4750 2410
Хоцімскі раён 3872 1240
Глускі раён 3390 130
Шклоўскі раён 3285 1900
Бялыніцкі раён 3150 1210
Слаўгарадскі раён 3076 420
Клімавіцкі раён 2165 300
Кіраўскі раён 2005 454
Клічаўскі раён 1695 1100
Дрыбінскі раён 1230 1775

Нагадаем, у рэспубліканскім бюджэце на гэты год у цэлым вельмі выраслі выдаткі на нацыянальную абарону: з 1,8 млрд рублёў у 2022 годзе да 2,8 млрд у 2023-м. З іх 110 млн пойдуць якраз на забяспечанне мабілізацыйнай падрыхтоўкі і мабілізацыі. У 2022-м на гэта вылучалі 93 млн рублёў, раней — менш.