У 2023 годзе працоўныя пенсіі беларусаў могуць павысіць тройчы. З такім прагнозам у пятніцу, 23 снежня, выступіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе, дзе абмяркоўвалі заробкі і грашовае забяспечанне работнікаў бюджэтнай сферы. Таксама Лукашэнка расказаў пра плюшкі сілавікам і тое, ад чаго ў цэлым залежыць рост заробкаў бюджэтнікаў.
Пра заробкі бюджэтнікаў
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, нягледзячы на пэўныя праблемы, дзяржава адшукала магчымасці падтрымаць работнікаў бюджэтнай сферы. Аднак у прыярытэце мусіць быць рэальны сектар эканомікі, заявіў ён. «Заводы, фабрыкі, сельская гаспадарка і гэтак далей. Яны павінныя быць у прыярытэце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго словаў, гэта звязана з тым, што рост зарплат бюджэтнікаў звязаны з паказчыкамі ў рэальным сектары эканомікі.
Гаворачы пра зарплату ў ахове здароўя, Лукашэнка нагадаў, што падчас пандэміі для дактароў увялі кавідныя надбаўкі, іх вырашана захаваць у далейшым. Удакладнім, што кавідныя даплаты адмянілі з 1 ліпеня гэтага года, замест іх увялі новыя надбаўкі.
«Жыццё ёсць жыццё. Так склалася, што забіраць іх у дактароў пасля пандэміі неяк было непрыстойна. Хоць гэта не эканамічная катэгорыя. Ды і эканоміка дазваляе нам нейкія сродкі сэканоміць. Таму была прынятая пастанова, каб кавідныя надбаўкі былі пакінутыя ў сістэме аховы здароўя, і за кошт іх пастарацца павысіць заробак», — сказаў Лукашэнка. — Натуральна, паглядзелі, што настаўнікі, выкладчыкі — таксама людзі не чужыя, таксама такія ж бюджэтнікі, як і іншыя. Таму, шчыра кажучы, давялося падцягваць заработную плату з мэтай балансавання".
Пра пенсіі
Лукашэнка згадаў таксама пенсіянераў. «У наступным годзе разы тры мы таксама іх падтрымаем, яны ў нас небагатыя. Цяпер настаў час бюджэтнікаў», — сказаў ён. Нагадаем, сёлета тройчы павышалі працоўныя пенсіі. Аднак іх рост «з'ядала» паскораная інфляцыя.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, трэба зыходзіць у тым ліку з магчымасцяў эканомікі.
Пра плюшкі для сілавога блока
Лукашэнка на нарадзе таксама закрануў тэму грашовага забяспечання вайскоўцаў, у тым ліку спецпадраздзяленняў, спецслужбаў, у прыватнасці Камітэта дзяржбяспекі.
На яго думку, нельга разбалансаваць сістэму грашовага забяспечання, якая склалася ў сілавых структурах. Лукашэнка заявіў, што ўсе рашэнні, якія прымаюць у інтарэсах сілавога блока, у тым ліку вайскоўцаў, па будаўніцтве жылля, павінныя безадмоўна дзейнічаць.
«Асабліва з улікам таго, што прынятыя рашэнні па будаўніцтве жылля людзям у пагонах. Мы гэтую праблему вырашым. Гэта дрэнна, што мы ў такім стане трымалі нашых людзей, — сказаў Лукашэнка. — Ваенны чалавек, я так па-мужчынску часта кажу, які ў выпадку, не дай бог, вайны ці яшчэ чагосьці ідзе на смерць, павінен ведаць, што сем'і будуць абароненыя і ў дзяцей будзе кут для жыцця».