Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


3 ліпеня — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень рэспублікі). Менавіта так гучыць гэтая дата ў афіцыйным календары. Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў яе сваім дэкрэтам у канцы 1996-га, адзначаецца гэты дзень з 1997-га. Тлумачым, як так атрымалася, што беларусы святкуюць Дзень незалежнасці менавіта 3 ліпеня.

Што адбылося 3 ліпеня?

Наогул 3 ліпеня адбыліся тры важныя для Мінска падзеі. Адна з іх звязаная з захопам горада, два — з яго вызваленнем ад акупантаў.

Першая падзея мела месца ў сярэдзіне ХVII стагоддзя: у 1654-м Расія напала на Рэч Паспалітую, часткай якой было Вялікае Княства Літоўскае.

Праз год, 3 ліпеня 1655-га, войска праціўніка падышло да Мінска. Перад горадам яго сустрэў невялікі атрад. Даўшы бой, ён быў вымушаны хутка адступіць. Маскоўскія палкі ўварваліся ў горад.

«Праўдападобна, самастойна адбіваліся мяшчане ў замку ды некаторых храмах. Але жыхароў у горадзе на той час было ўжо няшмат. Яны паспелі выйсці з Менска на захад. Тут засталіся толькі „войт Ивашко Жыдович с товарищи полтараста человек“», — пісаў у кнізе «Невядомая вайна» гісторык Генадзь Сагановіч.

Минск. Верхний город. 1800 год. Картина Юзефа Пешки
Мінск. Верхні горад. 1800 г. Карціна Юзафа Пешкі. Адна з ранніх выяваў Мінска. Выява: commons.wikimedia.org

«Менск вельмі моцна абараняўся. Ён меў сістэму бастыённых умацаванняў, і самым вялікім пунктам абароны <…> [быў] Дамініканскі касцёл — абарончы, — расказваў гісторык Алег Трусаў (цяпер на гэтым месцы знаходзіцца Кастрычніцкая плошча. — Заўв. рэд.). — Калі рэшткі гэтага касцёлу раскопваў Зянон Пазняк у канцы 1980-х гадоў, высветлілася, што ён меў вельмі тоўстыя сцены. Сцяна, бліжэйшая да плошчы, мела таўшчыню 5 метраў і вялізарныя байніцы для гармат ніжняга бою. Якраз тут і была самая вялікая бітва за Менск. Пазняк пры раскопках знайшоў шмат пахаванняў менчукоў — чарапы, пасечаныя шкілеты, на многіх чарапох былі кулі ад аркебузаў і мушкетаў».

Але сілы былі няроўнымі. Горад захапілі. Генадзь Сагановіч цытаваў у сваёй кнізе паведамленні саміх маскоўскіх ваяводаў. Яны пісалі, што Менскі павет ужо ў 1656-м быў «весь пуст и выжжен», сяляне разбягаліся, каб не памерці з голаду. У тым самым годзе маскоўскі поп Іван, які служыў у горадзе, пісаў, што ў Менску знаходзяцца толькі тры роты салдат: «все татары да мордва — рускава ничего не знают».

Вызваленне прыйшло роўна праз пяць гадоў, 3 ліпеня 1660-га. Яшчэ праз год Мінск наведаў Аўгусцін Меерберг, аўстрыйскі прыдворны дарадца і дыпламат, які ездзіў на ўсход і напісаў пра гэта афіцыйную справаздачу «Путешествие в Московию»:

«Сделав еще 70 верст по лесистой пустыне, 5 октября мы прибыли в Минск, главный город Минского воеводства, расположенный на холмах и реке и удостоенный чести иметь верховный суд для всей Литвы, кроме Вильны, каждые три года поочередно с новогородецким (гаворка пра Навагрудак. — Заўв. рэд.). Грустным взором мы смотрели на разорение, причиненное этому городу москвитянами».

У 1667-м, калі завяршылася вайна, у Мінску жыло ўсяго дзве тысячы чалавек (раней, у канцы XVI стагоддзя, — каля 4−5 тысяч). Жыхароў горада нават вызвалілі ад часткі падаткаў (здачы хлеба, прыёму арміі на пастой і іншых).

Вядома, пра гэтыя даты цяперашнія ўлады не ўспамінаюць. Хоць у 2019-м здарыўся кур’ёз: інфармацыйна-аналітычны партал Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі ўнёс у лік памятных датаў дзень вызвалення Мінска 3 ліпеня 1660-га.

Маршал Константин Рокоссовский (в первом ряду справа), британский фельдмаршал Бернард Монтгомери (в центре) и маршал Георгий Жуков (второй слева) возле Бранденбургских ворот в Берлине. 12 июля 1945 года. Фото: War Office official photographer - This photo
Маршал Канстанцін Ракасоўскі (у першым шэрагу справа), брытанскі фельдмаршал Бернард Мантгомеры (у цэнтры) і маршал Георгій Жукаў (другі злева) каля Брандэнбургскай брамы ў Берліне. 12 ліпеня 1945 года. Фота: War Office official photographer, сollections of the Imperial War Museums (collection no. 4905−03), commons.wikimedia.org

Таму лагічна, што акцэнт робіцца на іншым вызваленні, якое адбылося падчас Другой сусветнай вайны. Да лютага 1944 года савецка-германскі фронт спыніўся на мяжы Віцебск — Орша — Магілёў — Жлобін. На поўдні яго лінія ішла рэзка на захад, утвараючы так званы беларускі балкон. Перад Чырвонай арміяй ставілася мэта сцерці флангі групы нямецкіх армій «Цэнтр» і акружыць яе асноўныя сілы на ўсход ад Мінска. А ў выніку — цалкам вызваліць тэрыторыю Беларусі.

Нашую краіну вызвалялі войскі чатырох франтоў, але вырашальную ролю адыграў 1-ы Беларускі, якім камандаваў Канстанцін Ракасоўскі. Менавіта яму належала незвычайная задума ўсёй аперацыі, у якой яго фронт нанёс галоўныя ўдары адразу на двух кірунках — ад Рагачова да Асіповічаў і ад Азарычаў на Слуцк (як правіла, галоўны ўдар у фронту ў наступальных аперацыях мусіць быць адзін — каб не распыляць сілы на розных напрамках).

Аперацыя «Баграціён» пачалася 23 чэрвеня 1944 года. Ужо 27 чэрвеня замкнулася кальцо акружэння вакол Бабруйска, 29 чэрвеня — вакол Магілёва, былі акружаныя і часткі вакол Мінска. Гэта быў эфектны рэванш за падзеі 1941 года. 3 ліпеня Мінск быў вызвалены ад нацыстаў.

Як святкавалі дзень 3 ліпеня да дзевяностых?

Зрабіць гэты дзень дзяржаўным святам паспрабавалі адразу пасля Другой сусветнай вайны. 3 ліпеня 1945 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Закон «Об ознаменовании Победы и увековечении памяти воинов Красной армии и партизан, погибших в борьбе с немецко-фашистскими захватчиками в период Великой Отечественной войны Советского Союза». Згодна з ім 3 ліпеня абвяшчалася ўсенародным святам Перамогі і вызвалення Беларусі.

Але ўсё ж ні дзяржаўным, ні агульнабеларускім народным святам гэты дзень тады не стаў. Прычын некалькі. Па-першае, 3 ліпеня адбылося вызваленне Мінска, а не ўсёй Беларусі, адпаведна, ён не выклікаў нейкіх асацыяцый у большай часткі насельніцтва рэспублікі. Па-другое, існаваў дзень 9 траўня, які ў свядомасці франтавікоў і быў паўнавартасным святам. Па-трэцяе, мільёны савецкіх салдат і афіцэраў вярнуліся дадому пераможцамі. Яны знішчылі грознага ворага, здабылі ўпэўненасць у сабе і ўбачылі Еўропу — то-бок сталі зусім іншымі людзьмі ў параўнанні з 1941-м. Толькі таталітарная ўлада не мянялася. Таму неўзабаве савецкія ўлады ўзялі выразны курс на прыватызацыю Перамогі.

Парад 9 мая 1980 года в Минске. Фото: Николай Сурин
Парад 9 траўня 1980 года ў Мінску. Фота: Мікалай Сурын

«Говорят, что победителей не судят, что их не следует критиковать, не следует проверять. Это неверно. Победителей можно и нужно судить, можно и нужно критиковать и проверять. Это полезно не только для дела, но и для самих победителей: меньше будет зазнайства, больше будет скромности», — заявіў Іосіф Сталін у 1946-м. У выніку 23 снежня 1947-га Прэзідыум Вярхоўнага Савета СССР прыняў рашэнне: 9 траўня станавілася працоўным днём, а з 1 студзеня 1948 года кавалеры ордэнаў і медалёў (нават Героі Савецкага Саюза) былі пазбаўленыя ўсіх ільгот (цяпер ім належалі штомесячныя грашовыя выплаты).

Дзень 3 ліпеня таксама адышоў на другі план. Статус выходнага дня 9 траўня атрымала толькі ў 1965-м за Леанідам Брэжневым. Але за 20 гадоў пра 3 ліпеня як пра «ўсенароднае свята Перамогі і вызвалення Беларусі» забылі. І гэтая дата заняла тое месца, якое і магла займаць, — стала неафіцыйным днём горада. «За савецкім часам гэты дзень афіцыйна адзначаўся як Дзень вызвалення Мінска ад нацыстаў, — расказваў краязнаўца Вадзім Зелянкоў. — Ладзілася шэсце ветэранаў, праводзіліся іншыя мерапрыемствы. А ў сярэдзіне 1980-х у выходныя праспект рабілі пешаходным — ад Янкі Купалы да плошчы Леніна (цяпер плошча Незалежнасці. — Заўв. рэд.). Але гэта не называлася Днём горада».

3 ліпеня тры гады запар праходзілі спартыўна-мастацкія святы «Мінск-86», «Мінск-87» і «Мінск-88». Як расказвалі карыстальнікі ў каментарах да артыкула CityDog, пра вызваленне Мінска тады не гаварылі. Акцэнт рабілі на тым, што 3 ліпеня — дзень вызвалення Беларусі. Але фармат святаў — выступленні калектываў, выставы, кірмашы, канцэрты на стадыёне «Дынама» — хутчэй сведчыў, што гаворка ішла пра Дзень горада.

Фото: nn.by
Дэманстрацыя ў гонар Дня незалежнасці 27 ліпеня 1992 года. Фота: nn.by

У першыя гады незалежнасці Дзень Мінска асобна не адзначаўся, а святкаваўся разам з Днём незалежнасці. Ім стала 27 ліпеня. У той дзень Вярхоўны Савет БССР — Савецкі Саюз яшчэ існаваў — прыняў Дэкларацыю пра дзяржаўны суверэнітэт. 25 жніўня 1991 года гэты дакумент атрымаў канстытуцыйны статус, дзякуючы чаму нашая краіна дэ-юрэ стала незалежнай (дэ-факта гэта адбылося пасля падпісання Белавежскіх пагадненняў).

Што прыдумаў Лукашэнка?

8 жніўня 1996-га Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіўся ва ўладзе ўжо два гады, звярнуўся да Вярхоўнага Савета і прапанаваў прызначыць рэферэндум. На яго меркавалася вынесці чатыры пытанні. Галоўны — пра новую Канстытуцыю (афіцыйна — пра яе новую рэдакцыю), якая давала гэтаму палітыку практычна неабмежаваныя паўнамоцтвы. У дадатак Лукашэнка прапанаваў вынесці на галасаванне яшчэ тры тэмы: пра захаванне ці адмену смяротнага пакарання, пра свабодны продаж зямлі і пра перанос Дня незалежнасці з 27 на 3 ліпеня.

Хто канкрэтна прапанаваў Лукашэнку перанесці дату гэтага свята ці ён зрабіў гэта сам, пакуль невядома. «Перанос Дня незалежнасьці мусіў зьвесьці да мінімуму ў грамадзкай сьвядомасьці значнасьць беларускага сувэрэнітэту, што адпавядала мэтам аб’яднаньня з Расеяй», — каментаваў такую прапанову экс-дэпутат ад БНФ Сяргей Навумчык.

Беларуска проходит мимо большого плаката с надписью: «До референдума остался один день» в центре Минска, 23 ноября 1996 года. Фото: Reuters
Беларуска праходзіць міма вялікага плаката з надпісам: «Да рэферэндуму застаўся адзін дзень» у цэнтры Мінска, 23 лістапада 1996 года. Фота: Reuters

Галасаванне прайшло 24 лістапада 1996 года. Паводле афіцыйных звестак, усе прапановы Лукашэнкі сабралі большасць галасоў. У тым ліку за перанос свята прагаласавалі 88,18%, супраць — 10,46% (астатнія галасы былі прызнаныя несапраўднымі). Ці можна давяраць такім вынікам?

З аднаго боку, свята 27 ліпеня яшчэ не паспела цвёрда ўвайсці ў народную свядомасць — яно адзначалася ўсяго некалькі гадоў. Акрамя таго, выбар быў не самым удалым. Паўнавартасным Днём незалежнасці, хутчэй, было 25 жніўня, калі, як адзначалася вышэй, Дэкларацыя атрымала канстытуцыйны статус і Беларусь дэ-юрэ стала незалежнай. Прыняцце Дэкларацыі было важным, але ўсё ж прамежкавым крокам да гэтага.

З іншага боку, падрыхтоўка да рэферэндуму і само галасаванне адбывалася ва ўмовах шматлікіх парушэнняў і фальсіфікацый.

Лукашэнка з парушэннем закона зняў кіраўніка Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктара Ганчара, прызначыўшы замест яго Лідзію Ярмошыну (гэтае рашэнне мог прыняць толькі парламент). Служба аховы Лукашэнкі сілай заняла будынак ЦВК. Разам з Ганчаром з будынка ў літаральным сэнсе слова выкінулі кіраўніка парламента Сямёна Шарэцкага і генпракурора Васіля Капітона.

Улады ўпершыню ўвялі датэрміновае галасаванне. Мясцовая вертыкаль пачала актыўна клікаць выбаршчыкаў на ўчасткі, дзе нават не было варыянтаў Канстытуцыі, за якія прапаноўвалася галасаваць.

Бюлетэні ў тым годзе друкавала не ЦВК, а Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, якое распаўсюджвала іх праз прэзідэнцкую вертыкаль. Колькі дакладна бюлетэняў тады надрукавалі, дагэтуль невядома.

Голосование во время референдума 1996 года. Фото: Reuters
Галасаванне падчас рэферэндуму 1996 года. Фота: Reuters

Агучаныя лічбы дазваляюць сумнявацца ў іх праўдзівасці. Напрыклад, на рэферэндуме 1995-га, які прайшоў за год да гэтага, прагаласавалі 65% беларусаў. Падобныя лічбы назіраліся і ў 1996-м. Афіцыйна абвясцілі, што на 18.00 24 лістапада — менавіта ў гэты дзень праводзіўся рэферэндум — на ўчасткі прыйшло 59% выбаршчыкаў. Але, як пісаў Валер Карбалевіч у кнізе «Аляксандр Лукашэнка: палітычны партрэт», потым адбыўся «цуд», і познім лістападаўскім вечарам на ўчасткі нібыта паваліў народ — і да 20.00, канца галасавання, агульная яўка нечакана падскочыла да 84%. Прычым у Веткаўскім раёне нібыта прагаласавалі цэлых 99,3%, з якіх 98,5% падтрымалі ідэі Лукашэнкі. Хоць, як піша Карбалевіч, на ўсе папярэднія выбары ў гэты вечаровы час прыходзіла галасаваць толькі 7−9% грамадзян, а не чвэрць насельніцтва.

Такім чынам, колькі насамрэч людзей прагаласавала за перанос Дня незалежнасці, мы, хутчэй за ўсё, ніколі не даведаемся. Але іх колькасць відавочна была меншая, чым намалявалі ў бюлетэні.

У снежні 1996 года Лукашэнка падпісаў дэкрэт, і ў наступным годзе 3 ліпеня святкавалі ўжо як Дзень незалежнасці.

Чытайце таксама