Амаль 14 гадоў таму, 25 кастрычніка 2010 года, на адным з участкаў прадпрыемства «Пінскдрэў-ДСП», якое адказвала за вытворчасць драўняных паліўных гранул, адбыўся выбух. Ён справакаваў серыю іншых выбухаў і пажар на прадпрыемстве. Два чалавекі загінулі на месцы. Яшчэ 12 памерлі ў бальніцах Пінска, Брэста і Мінска, а восем работнікаў атрымалі траўмы, чацвёра сталі інвалідамі. Успамінаем абставіны гэтай страшнай трагедыі, а таксама тое, як ёю цынічна скарысталася дзяржава.
Узлёт «Пінскдрэва» і праблемы з другой лініяй
«Пінскдрэў» — адно з самых вядомых прадпрыемстваў Палесся і адзін з галоўных брэндаў Пінска. З’явіўся ён яшчэ ў пазамінулым стагоддзі, калі гандляр і прамысловец Майсей Лур’е стварыў невялікую мануфактурную майстэрню, дзе рабілі шавецкія шпількі і скрыні з фанеры. За дзесяць гадоў майстэрня разраслася да паўнавартаснай фабрыкі, якая адкрылася ў 1890-м. Яе развівалі дзеці Майсея, Аляксандр і Леапольд Лур’е. За часам іх кіравання адкрываліся новыя карпусы, дзе з алешыны выраблялі фанерныя лісты, скрынкі і бачуркі. Ужо ў 1897-м прадпрыемства стала найбуйнейшым наймальнікам і падаткаплатнікам у Пінску. Попыт на вынайдзеную тут фанеру Tobal для вытворчасці мэблі быў такі вялікі, што Лур’е адкрылі даччынае прадпрыемства ў Вене.
Паміж сусветнымі войнамі фабрыка працягвала працаваць за польскай уладай. А ў 1939-м Заходнюю Беларусь далучылі да СССР, а кампанію нацыяналізавалі ўлады. Падчас Другой сусветнай вайны прадпрыемства было амаль цалкам разбуранае. Пасля заканчэння канфлікту яго аднавілі. У 1959-м яно пачало працаваць «у звязцы» з Пінскай запалкавай і Гарадзішчанскай фанернай фабрыкамі.
Праз 12 гадоў на іх базе стварылі дрэваапрацоўчае аб’яднанне «Пінскдрэў», якое ў 1983-м узначаліў Ларан Арыніч — да гэтага дырэктар паспяховай Гродзенскай мэблевай фабрыкі. Ён ператварыў прадпрыемства ў адно з самых паспяховых у Беларусі. У 1990-я гады калектыў спачатку ўзяў яго ў арэнду ў дзяржавы, а потым наогул выкупіў. Арынічу дасталася 32% акцый, але, паводле яго словаў, ён не атрымліваў дывідэндаў, а пакідаў іх для развіцця «Пінскдрэва».

Гаворачы юрыдычнай мовай, Арыніч узначальваў закрытае акцыянернае таварыства «Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“». У 2004-м ён разам з кіпрскай кампаніяй «Далія Трэйдынг КО Лімітэд» на парытэтнай аснове (50/50) стварыў сумеснае прадпрыемства «Пінскдрэў-ДСП», якое займалася вытворчасцю драўнянастружкавых пліт. Менавіта на ім у 2010-м і адбылася катастрофа. «Яно не ўваходзіла ў склад аб’яднання, якім кіраваў непасрэдна я, але ўваходзіла ў склад холдынгавай кампаніі, у якой я быў на грамадскіх пачатках старшынёй рады дырэктараў», — тлумачыў у інтэрв'ю Арыніч. Гэта адыграе важную ролю ў наступных падзеях.
Сам выбух адбыўся ў будынку галоўнага корпуса, у якім размяшчаўся «Пінскдрэў-ДСП». Ён быў узведзены яшчэ ў 1965-м. Даўжыня складала 160 метраў, плошча — 5760 «квадратаў». Калоны, бэлькі і пліты перакрыцця былі зборнымі жалезабетоннымі, падлогі — бетоннымі, вонкавыя сцены — цаглянымі, тарцовая сцяна склада гатовай прадукцыі — панэльнай. У галоўным корпусе размяшчаліся галоўны канвеер, участак клеепрыгатавання, склад гатовай прадукцыі і ўчастак па вытворчасці драўняных паліўных гранул.
На апошнім усталявалі спачатку адну, а потым і другую вытворчыя лініі. «Абсталяванне купілі пры спрыянні дачкі Ларана Арыніча. Не найлепшае. На механізмах былі збітыя біркі з указаннем завода-вытворцы, тэхнічная дакументацыя на рускай мове адсутнічала. Збіралі самі — спехам, без праектна-каштарысных дакументаў. Калі запусцілі, убачылі масу недахопаў. Але ніхто не ўзяў на сябе смеласці сказаць „стоп“», — сцвярджала газета Адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня».
«Ніякага дачынення да гэтага абсталявання мая дачка не мела. Яна была прыцягнутая толькі ў якасці перакладчыцы, з улікам таго, што сапраўды працавала па камплектавальніках і па інструментах з Італіяй, Германіяй, Швецыяй і г. д. і ведала добра нямецкую мову», — каментаваў Арыніч.
Як адзначалася ў справаздачы спецыяльна створанай камісіі, з пачатку эксплуатацыі другой лініі пастаянна ўзнікалі праблемы: магутнасць драбільнай устаноўкі не адпавядала заяўленым патрабаванням; перыядычна забіваўся прыёмнік драўнянай габлёўкі; не адпавядалі нормам выкіды пылу; у верасні — кастрычніку 2010 года двойчы адбываліся ўзгаранні на ўчастку драбнення пілавіння, якія ліквідавалі работнікі прадпрыемства.
Ігнараванне пажарных правілаў і выратаванне тых, хто пайшоў у курылку
Праз гады здаецца, што трагедыя была непазбежная. За тры месяцы да яе дырэктару «Пінскдрэў-ДСП» Леаніду Логвіну ўручылі акт і прадпісанне дзяржаўнага пажарнага нагляду. У дакументах было 95 (!) супрацьпажарных мерапрыемстваў, шэраг з якіх не праводзілі яшчэ з 1998-га. Напрыклад, кіраўніцтва не стала распрацоўваць праект і мантаваць абарону ад маланак будынка вытворчага корпуса. З 2000 года ігнаравалася патрабаванне пажарных абсталяваць устаноўкай аўтаматычнага пажаратушэння галоўны вытворчы корпус, памяшканні алейнай гаспадаркі, а таксама склад ДСП. З 2004 года пажарныя патрабавалі распрацаваць пашпарт пажарнай бяспекі завода.
У цэху па вытворчасці драўнянастружкавых пліт у студзені, лютым, сакавіку, траўні, чэрвені і ліпені 2010 года адбываліся ўзгаранні, іскрыла на ўчастку па вытворчасці драўняна-паліўных гранул, на прадпрыемстве пастаянна фіксаваўся павышаны ўзровень пылу. 8 чэрвеня 2010-га пачаўся пажар, які доўжыўся каля 12 гадзін, 30 чэрвеня таго ж года — яшчэ адзін, гэтым разам патушаны больш чым праз дзве гадзіны.
Прыкладна за тыдзень да трагедыі адзін з кіраўнікоў адключыў у цэху насценны вентылятар. Забягаючы наперад, скажам, што гэты чалавек і сам стаў ахвярай катастрофы — ён памёр у бальніцы 1 лістапада.
Паводле афіцыйных звестак, колькасць персаналу на «Пінскдрэў-ДСП» складала 180 чалавек. На змене, у якую адбылася аварыя, працавала 48 супрацоўнікаў. Трагедыя здарылася 25 кастрычніка 2010 года прыкладна ў 13.05. Выбух адбыўся на ўчастку па вытворчасці драўняных паліўных гранул. Далей ён справакаваў серыю іншых выбухаў і пажар на прадпрыемстве. Вядомая фраза 24-гадовай майстрыхі-брыгадзіркі Кацярыны Саковіч — яна паспела закрычаць «Я ж казала — не ўключаць!». Што яна мела на ўвазе, ужо ніколі не даведацца. Пасля выбуху жанчына выбегла з цэха з разарванай на шматкі скурай. Яна памерла ў мінскай клініцы на чацвёрты дзень пасля выбуху.
У выніку выбуху абваліліся пліты пакрыцця на плошчы каля 100 квадратных метраў і сцены будынка — каля 400 квадратных метраў. Пажар удалося ліквідаваць толькі ў 15.14, яго тушыла больш за дзесяць пажарных разлікаў.
На шчасце, незадоўга да выбуху, у 12.30, пачаўся абед, таму частка работнікаў выйшла ў курылку ці проста пакінула памяшканне. Калі б не гэта, ахвяраў магло б быць больш. Але многія заставаліся на працоўных месцах. Адной з тых, хто выратаваўся, стала Таццяна Моўчун.
«Калі ўсё адбылося, я акурат была ў сваёй бытоўцы і афармляла дакументы, і раптам прагрымеў такі выбух! На мяне ўсё пасыпалася, а ад бытоўкі нічога не засталося. Я наогул цьмяна памятаю, што адбывалася потым… Пачала задыхацца, неяк пералезла праз свой стол і забілася каля шафы. На дапамогу кінуўся кіроўца і пачаў крычаць: „Ратуйце Таню!“ Прыбеглі людзі, выцягнулі мяне з бытоўкі і павялі пад рукі на прахадную, — расказвала жанчына. — Памятаю толькі, як яны ўвесь час паўтаралі „Танька, хутчэй!“, а далей як правал… Мяне практычна адразу знайшлі дачка і брат, якія таксама працуюць на прадпрыемстве, і павезлі дадому». Неўзабаве жанчыну забралі ў бальніцу з чэрапна-мазгавой траўмай, а неўзабаве выпісалі.
Пад заваламі ратавальнікі знайшлі целы двух загінулых падчас выбуху мужчын: аператара аўтаматычных і паўаўтаматычных ліній Яўгена Рапуты (нарадзіўся ў 1984-м) і слесара-рамонтніка Міхаіла Старадуба (нарадзіўся ў 1958-м). Яны загінулі на месцы. Яшчэ 12 чалавек пазней памерлі ў бальніцах Пінска, Брэста і Мінска, восем работнікаў атрымалі траўмы рознай ступені, з іх чацвёра сталі інвалідамі.
Адным з загінулых быў Аляксандр Міхаевіч. «Саша працаваў зусім на іншым участку, — расказвала яго ўдава. — У цэх ДСП перавёўся напярэдадні трагедыі. Я яго ўсяляк адгаворвала, але ён не паслухаўся. У панядзелак першы раз выйшаў на новае месца працы і дадому ўжо не вярнуўся».
Сярод загінулых быў і Сяргей Тарэлка. «У іх скончыўся абед, трэба было памяняць лямпу недзе ў вытворчым цэху. Мяняць лямпу мусіў адказны за той участак, а не мой сын. Ён адказваў за склад гатовай прадукцыі і яшчэ нейкі куточак. Але ён быў самы малады, нядаўна ўладкаваўся на працу, вось яго і адправілі. Там трэба было яшчэ падымацца на вышыню. А самі [адказныя] пайшлі ў курылку. Брыгадзір мне дагэтуль не адказаў, чаму адправілі Сярожу», — расказвала яго маці. Паводле яе словаў, Сяргей не паспеў дайсці да патрэбнага месца — агонь накрыў яго на падыходзе. Ён сам змог выбегчы з цэха, але пазней памёр ад апёкаў.

Андрэй Асавец у той дзень разам з калегамі знаходзіўся ў цэху. Ён застаўся жывы, але страціў старэйшага брата Генадзя Казюру (у мужчын былі розныя бацькі). «Уся мая змена загінула ў мяне на вачах, я цудам застаўся жывы. Я працаваў у гэты дзень. Потым выводзіў людзей абгарэлых. І брата, і сябра выводзіў. Хлопец, ён загінуў, я яго вывеў за прахадную, у хуткую аддаў», — расказваў ён.
Рабочыя «Пінскдрэва», якія захацелі застацца ананімнымі, расказвалі, што прапанавалі кіраўніцтву холдынгу ўшанаваць памяць калег, якія загінулі падчас выбуху, хвілінай маўчання. У адказ па ўсіх цэхах бегалі майстры і пагражалі, што калі ў кагосьці спыніцца станок ці нехта проста спыніць працу, той будзе неадкладна звольнены.
Дзве версіі катастрофы і эміграцыя Арыніча
Падчас следства эксперты прыйшлі да высновы, што абсталяванне па вытворчасці паліўных гранул мантавалася без праектна-каштарыснай дакументацыі. Расійская фільтравальная ўстаноўка была змантаваная без навуковага і практычнага абгрунтавання, у выніку чаго ў сістэме аспірацыі (патрэбная для выдалення з паветра на працоўных участках пылу і іншых дробных часцінак) пачала ўтварацца выбуханебяспечная канцэнтрацыя драўнянага пылу, што і прывяло да трагедыі.
А вось Ларан Арыніч меў іншае меркаванне: «Што да прычын, то я дагэтуль застаюся пры версіі, пра якую мне далажыў галоўны інжынер холдынгу [Уладзімір] Шастакоў. Прычынай выбуху стаў газ, а не нейкі пыл, як сцвярджае камісія. У той дзень мусілі праводзіць зварачныя працы на пелетных вытворчасцях. І ці быў закрыты зваршчыкам балон з газам, калі людзі пайшлі на абед, — гэта яшчэ вялікае пытанне. Тое, што прычынай трагедыі быў газ, я ў гэтым абсалютна не сумняваюся. Аператар, які знаходзіўся побач і праводзіў наладку, згарэў як галавешка. Астатнія загінулі, калі выбягалі з ахопленага агнём памяшкання».

Тады Ананіч казаў пра гэтую версію як пра адну з найбольш рэальных, а пазней ужо абсалютна ўпэўнена, як пра факт: «Я дакладна ведаю, якое галоўнае парушэнне было дапушчанае: на самой вытворчасці быў арганізаваны газазварачны пост, якім можна было скарыстацца ў любы час, калі парвецца канвеер цэха ДСП. І вось падчас штотыднёвай прыборкі і рамонту абсталявання на пелетных вытворчасцях было прыведзенае ў працоўны стан газазварачнае абсталяванне. Людзі пайшлі на абед, і газазваршчык, які абавязаны быў застацца, пайшоў разам з усімі. Адбылася ўцечка газу. Пасля таго як працягнуліся рамонтныя работы, аператар уключыў адзін з патокаў, утварылася іскра — і выбухнуў газ. Аператар абгарэў як галавешка проста на месцы. Ну і потым пачалі рвацца балоны з газам, з кіслародам. І падняты ў абодвух цэхах пыл быў даведзены да выбухованебяспечнага стану — адбыўся магутны выбух».
З аднаго боку, гэтая версія тлумачыць фразу Кацярыны Саковіч, якую мы цытавалі вышэй: «Я ж казала — не ўключаць!» З іншага, яна здымае з дырэктара нейкую частку адказнасці: усё тлумачыцца ў першую чаргу збегам абставінаў у той канкрэтны момант, што супярэчыць высновам камісіі.
23 сакавіка 2012 года суд абвясціў прысуд па справе пра выбух на «Пінскдрэве». У якасці абвінавачаных перад судом паўсталі экс галоўны інжынер ЗАТ «Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“» Уладзімір Шастакоў, экс-дырэктар «Пінскдрэў-ДСП» Леанід Логвін і галоўны інжынер гэтага прадпрыемства Ігар Логвін. Першы сваю віну не прызнаў, Логвіны — прызналі і раскаяліся.
Суд прызнаў усіх траіх вінаватымі. Леаніда Логвіна прызналі вінаватым у службовай халатнасці і асудзілі на чатыры гады «хатняй хіміі». Ігара Логвіна і Уладзіміра Шастакова суд прызнаў вінаватымі ў парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, што пацягнула гібель людзей і нанясенне матэрыяльнай шкоды ў буйным памеры. Першага асудзілі на тры гады калоніі-пасялення, Шастакова — на чатыры гады. Яны адседзелі гэтыя тэрміны і выйшлі на волю.
Чацвёртым абвінавачаным стаў Ларан Арыніч. Гісторыя з ім аказалася дэтэктыўнай.
«Адразу пасля надзвычайнага здарэння мне патэлефанаваў старшыня канцэрна „Беллеспаперапрам“ і прапанаваў пайсці на пенсію, — тлумачыў кіраўнік прадпрыемства ў інтэрв'ю. — Я пагадзіўся. Але потым адзін чалавек, блізкі да найвышэйшага эшалона, блізкі да першай асобы (гаворка ішла пра нейкага былога генерала КДБ. — Заўв. рэд.), патэлефанаваў мне і расказаў, што прэзідэнт сказаў, што „хай не дурэе, хай працуе“. Я тады патэлефанаваў памочніку прэзідэнта па Брэсцкай вобласці, першаму намесніку старшыні Брэсцкага аблвыканкама і сказаў, што аддадзеная такая каманда і я вяртаюся на працу. Потым кіраўніцтва канцэрна і іх стаўленік на пасаду гендырэктара „Пінскдрэва“ Аляксандр Суднік пачалі ўсюды распаўсюджваць інфармацыю, што Аляксандр Рыгоравіч перш за ўсё даручыў мяне звольніць. Пасля такіх паведамленняў я трапіў у бальніцу, у мяне быў перадінфарктны стан. У мяне ж кардыястымулятар з 2008 года. Неўзабаве на прадпрыемства прыехаў старшыня „Беллеспаперапрама“ і зачытаў загад пра маё звальненне».
Адзначым, што на той момант прадпрыемства было прыватным, звальняць Арыніча не мелі права.

У лютым 2011-га экс-дырэктар стаў фігурантам крымінальнай справы, але ў красавіку з’ехаў у Польшчу і ў Беларусь больш не вярнуўся. «Маральна мяне тая сітуацыя дагэтуль мучыць. Але я разумею, што калі і ёсць мая віна, то ў тым, што не да канца кантраляваў кіраўнікоў гэтага завода. Усё ж „Пінскдрэў-ДСП“ быў юрыдычна самастойнай адзінкай, і я там рэдка бываў», — тлумачыў ён у інтэрв'ю.
Паводле Арыніча, холдынг «Пінскдрэў», а таксама кіпрская кампанія нясуць як заснавальнікі толькі субсідыярную роўную адказнасць у выпадку банкруцтва «Пінскдрэў-ДСП» — ды і тое калі яно адбылося з віны заснавальнікаў.
«Кіраўніцтва і адказнасць за дзейнасць „Пінскдрэў-ДСП“ (у прыватнасці, і за арганізацыю прыборкі цэха ў дзень надзвычайнага здарэння), згодна з падпісанымі кантрактамі, ускладалася на дырэктара і інжынерна-тэхнічныя службы гэтага прадпрыемства», — сцвярджаў Арыніч. На яго думку, яго холдынгавая кампанія не мела ніякага дачынення да надзвычайнага здарэння, а кіраўнік службы аховы працы нават не прыцягваўся да следства. Таму прасіць прабачэння ў сваякоў загінулых ён прынцыпова не захацеў.
Затрымка са спачуваннямі і нацыяналізацыя прадпрыемства
Заўважым, што ўлады не спяшаліся рэагаваць на трагедыю. 29 кастрычніка, праз чатыры дні пасля таго, што здарылася, Лукашэнка ажыццяўляў рабочую паездку па Брэсцкай вобласці, падчас якой запатрабаваў цягам двух гадоў завяршыць пачатыя будаўніцтва і рэканструкцыю медустановаў Беларусі. Ён наведаў новы корпус Брэсцкай цэнтральнай паліклінікі. Але ні слова не сказаў на камеру пра здарэнне ў Пінску. Брэсцкая абласная бальніца, дзе ў рэанімацыі ляжалі некалькі чалавек, пацярпелых у выніку аварыі, засталася па-за полем яго ўвагі.
«У Пінску <…> пануе атмасфера пакінутасці. Я быў там на мінулых выхадных. Людзі не вераць, што мы пра іх бяду ведаем нашмат больш, чым яны самі. Адчуванні, што кінуты сам-насам, ва ўсіх. Усе цытуюць, колькі тэлеграмаў віншаванняў і спачуванняў даслаў за апошні дзень Лукашэнка (зводкі БТ успрымаюцца як суцэльны здзек), і ніхто не разумее, чаму беларускі лідар не завітаў у Пінск падчас вандроўкі па Брэстчыне», — пісаў 2 лістапада палітолаг Віталь Сіліцкі.
Спачуванні Лукашэнкі родным і блізкім загінулых былі агучаныя толькі 3 лістапада — выбух, нагадаем, адбыўся 25 кастрычніка. Дні смутку — фактычна жалобу — абвясцілі толькі ў Брэсцкай вобласці, але не ва ўсёй краіне.

Затое дзяржава выкарыстала трагедыю, каб узяць прадпрыемства пад свой кантроль. 3 студзеня 2011 года рашэннем Лукашэнкі дзяржканцэрн «Беллеспаперапрам» стаў кіраўнічай кампаніяй холдынгу «Пінскдрэў». Указ быў прыняты нібыта для «абароны інтарэсаў працоўнага калектыву холдынгу, гарантавання бяспечных умоваў працы і аховы здароўя работнікаў у сувязі з надзвычайнай сітуацыяй у адной з арганізацый — удзельніцы холдынгу». Акцыянеры ж палічылі, што дакумент выкарыстоўвалі «для звядзення асабістых рахункаў з гендырэктарам „Пінскдрэва“ Ларанам Арынічам і атрымання кантролю ў кіраванні самым вялікім і прыбытковым прадпрыемствам па вытворчасці мэблі ў Беларусі прыватнай формы ўласнасці».
Так яно і здарылася. Неўзабаве пасля трагедыі Арыніча не проста адхілілі ад пасады. Разагналі яшчэ і ўсю назіральную раду. У тым ліку з яго складу вывелі прадстаўніка Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, які ў 2009 годзе вылучыў 15 млн еўра крэдыту «Пінскдрэву». Кіраваць прыватнай структурай пачала дзяржава, у якой да гэтага на прадпрыемстве не было ніводнай акцыі.
З пазіцыяй Арыніча быў згодны і Георгій Бадзей (у мінулым у розныя гады міністр працы, міністр па кіраванні дзяржаўнай уласнасцю і прыватызацыі, міністр эканомікі). «Таварыства з абмежаванай адказнасцю „Пінскдрэў ДСП“ — гэта асобная юрыдычная асоба, у якой ёсць сваё кіраўніцтва і служба, што адказвае за тэхніку бяспекі і мусіць забяспечваць гэтую бяспеку. І калі б такое рашэнне прынялі ў дачыненні да гэтай юрыдычнай асобы, гэта яшчэ можна было б неяк зразумець і растлумачыць неабходнасцю перадухілення такіх выпадкаў у далейшым. Але рашэнне было прынятае ў дачыненні да ўсёй холдынгавай кампаніі, у склад якой уваходзяць 33 структурныя адзінкі, 11 з якіх знаходзяцца на самастойным балансе. Усяго там чатыры прадпрыемствы з замежнымі інвестыцыямі», — абураўся экс-чыноўнік і заклікаў дзяржаву адмяніць нацыяналізацыю.
Вядома, улады яго не паслухалі. У 2014 годзе эканамічны суд Брэсцкай вобласці наогул прыняў рашэнне пра несапраўднасцб угоды па набыцці Арынічам акцый «Пінскдрэва».
Дарэчы, змена ўласніка непасрэдна ўдарыла па прадпрыемстве. Першапачаткова ў холдынгу ставілі задачу адрадзіць вытворчасць як ДСП, так і паліўных гранул. Аднак аналагічнае профілем сучаснае прадпрыемства неўзабаве запрацавала ў Івацэвічах. А ствараць сабе канкурэнта ўнутры канцэрна «Беллеспаперапрам» новыя кіраўнікі не захацелі. Таму на месцы знішчанага цэха ў першы ж год пасля аварыі пабудавалі склад матэрыялаў.
Рэарганізацыі на «Пінскдрэве» непасрэдна ўдарылі па сваяках ахвяр. Згода з рашэннем суда «Холдынгавая кампанія „Пінскдрэў“» і «Пінскдрэў-ДСП» мусілі выплаціць сем’ям загінулых і пацярпелым ад выбуху грашовую кампенсацыю маральнай шкоды: па 30 мільёнаў рублёў ад кожнага прадпрыемства за кожнага работніка (паводле курсу 2012 года — прыкладна 3700 даляраў).

Холдынг рашэнне суда выканаў, а «Пінскдрэў-ДСП» — не. «Прадпрыемства існуе толькі на паперы. Гаспадарчай дзейнасцю СТАА „Пінскдрэў-ДСП“ не займаецца, дырэктара там няма, якая-кольвек маёмасць адсутнічае. Вытворчае памяшканне было арандаванае ў холдынгу, абсталяванне знішчанае выбухам, грошай на рахунку няма», — пракаментавалі сітуацыю ў мясцовым аддзеле прымусовага выканання. Да аналагічнай высновы прыйшлі і ў пракуратуры.
Пры гэтым «Пінскдрэў-ДСП» было застрахаванае на выпадак выбуху і пажару. Але грошы дасталіся холдынгу як аплата пазык за арэнду памяшкання, сыравіну і іншыя паслугі.
«За пяць гадоў пасля пахавання майго мужа парогу нашага дома не пераступіла ніводная службовая асоба, — расказвала ў 2015-м Алена Муга, удава загінулага Ігара Мугі. Ніхто з адміністрацыі холдынгу, прафсаюзнага камітэта, пінскіх гарвыканкама і гарадскога савета дэпутатаў не прыйшоў і не пацікавіўся, як жыве ўдава загінулага работніка з двума малагадовымі дзецьмі на руках, у чым мае патрэбу сям’я, якая засталася без карміцеля».
У 2016-м Арынічу прапанавалі напісаць заяву на амністыю. Але той адмовіўся. «Бо гэта прызнанне таго, што я вінаваты. У далейшым гэта азначае, што я атрымаю ўсе магчымыя пазовы», — тлумачыў ён. Экс-кіраўнік прадпрыемства — яму 88 гадоў — дагэтуль жыве ў Польшчы.
«Люстэрка» з павагай ставіцца да гісторыі і фактаў. Мы верым, што сюжэты з мінулага — нават трагічныя — дапамогуць нам атрымаць урокі і захаваць памяць пра ахвяраў. Калі вам спадабаўся гэты матэрыял, вы можаце падтрымаць аўтара і каманду праекта.
Падтрымайце каманду «Люстэрка»
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


