Падчас узыходжання на Эльбрус загінуў кіраўнік апякунскай рады «Дынама-Джуніверс» і кіраўнік тэхнічнага камітэта Беларускай федэрацыі баскетбола Мікалай Ермашоў. Пра гэта паведаміла 13 верасня прэс-служба клуба.
«Мікалай заўсёды захапляўся хакеем, наведваў матчы „Дынама“ і перажываў за вынікі каманд ва ўсёй клубнай структуры, таксама зрабіў вялікі ўнёсак у поспех і развіццё нашай школы, якая дзякуючы яму змагла выхаваць новых зорак беларускага хакея», — адзначылі ў прэс-службе ХК «Дынама-Мінск».
У Беларускай федэрацыі баскетбола адзначылі, што Ермашоў стаяў ля вытокаў развіцця баскетбола 3×3 у Беларусі.
«З 2015 года пры яго падтрымцы і калектыву „Спорт-фармат“ праходзілі такія штогадовыя спаборніцтвы, як Нацыянальная ліга „Palova“, міжнародны турнір „Palova-Snowball“, II Еўрапейскія гульні і II Гульні краін СНД», — напісалі ў прэс-службе БФБ.
Пра гібель беларуса на Эльбрусе раней паведаміла МНС Расіі. Паводле звестак ведамства, 12 верасня турыст, які знаходзіўся ў складзе незарэгістраванай групы, як мяркуецца, з 9 чалавек, сарваўся на вышыні 5400 метраў і ад атрыманых траўмаў загінуў на месцы.