Самы крыважэрны канібал і серыйны забойца за ўсю гісторыю Расіі, «новакузнецкі монстр» Аляксандр Спясіўцаў, праз 28 гадоў зноў паўстане перад судом. Яго ўпершыню выведуць з псіхіятрычнай лякарні, куды пасадзілі бестэрмінова за яго страшныя злачынствы, піша SHOT.
«Сібірскі патрашыцель» арудаваў у Новакузнецку з траўня да чэрвеня 1991 года і з лютага да кастрычніка 1996 года — ён гвалтаваў, катаваў і забіваў жанчын і дзяцей, плоць некаторых ахвяраў еў. На яго рахунку 20 пацверджаных ахвяраў. Канібалу дапамагала яго маці — Людміла. Асаблівы спосаб, якім карысталася сям’я Спясіўцавых, заключаўся ў завабліванні няпоўнагадовых падлеткаў у госці, пасля чаго галава сямейства Аляксандр забіваў, расчляняў і часам еў новых знаёмых.
Маці маньяка Людміла адседзела 13 гадоў у жаночай калоніі. Пасля вызвалення яна і яе дачка не змаглі вярнуцца ў родны горад і пераехалі ў вёску. Цяпер Людміле 85 гадоў, а яе сыну, «сібірскаму патрашыцелю» — 54. Апошнія два дзесяцігоддзі ён праходзіць лячэнне ў псіхіятрычнай лякарні горада Камышын Валгаградскай вобласці. Праз прэпараты і нервовыя зрывы ў яго вялікія праблемы са здароўем і кантролем агрэсіі.
І вось праз многія гады дачка адной з ахвяраў душагуба вырашыла звярнуцца ў суд і запатрабаваць больш строгага пакарання для серыйнага забойцы. Яна лічыць, што Спясіўцаў толькі «прыкідваецца псіхам» і заслугоўвае калоніі для пажыццёва зняволеных. А яшчэ патрабуе грашовай кампенсацыі. Калі маньяк забіў яе маму, Тані быў адзін годзік. Цяпер яна вырасла і вырашыла звярнуцца ў суд з пазовам — кампенсацыю хоча атрымаць за дзяцінства без мамы.