У Любанскім раёне за прапаганду нацысцкай сімволікі затрыманыя чатыры чалавекі. На двух з іх завялі крымінальную справу, паведамілі ў прэс-службе МУС.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе 18-гадовага жыхара Мінскага раёна. Заўважыўшы на руцэ маладога чалавека татуіроўку свастыкі, яны праверылі яго смартфон.
«У памяці прылады было знойдзенае відэа, на якім яго 18-гадовы прыяцель дэманстраваў нацысцкае прывітанне ля помніка загінулым землякам у гады Вялікай Айчыннай вайны. У героя роліка была падобная татуіроўка», — расказалі ў МУС.
Супрацоўнікі міліцыі таксама выйшлі на 17-гадовую знаёмую хлопца, якая акрамя намаляванай на целе фашысцкай свастыкі захоўвала дома майку з выявай эмблемы SS.
Высветлілася, што вырабам забароненых сімвалаў займаўся 40-гадовы мясцовы індывідуальны прадпрымальнік, які паводле эскізу затрыманай дзяўчыны нанёс фота на тканіну.
У дачыненні да 18-гадовых фігурантаў следчыя распачалі крымінальную справу за хуліганства. Таксама ўсіх чацвярых прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за прапаганду ці публічную дэманстрацыю, выраб, распаўсюд нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі.