Опубликовано 6 сакавiка 2024 у 20.18
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-page.store/news/world/62801.html    

Расія ўдарыла ракетай па Адэсе падчас сустрэчы Зяленскага з прэм'ерам Грэцыі. СМІ паведамляюць, што мэтай быў картэж прэзідэнта Украіны

Расія нанесла ўдар па Адэсе, калі там знаходзіліся прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм’ер-міністр Грэцыі Кірыякас Міцатакіс. Як піша грэцкае выданне Protothema, быў атакаваны картэж прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.

Президент Украины Владимир Зеленский и премьер-министр Греции Кириакос Мицотакис на пресс-конференции в Одессе, Украина, 6 марта 2024 года. Фото: Reuters
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэм’ер-міністр Грэцыі Кірыякас Міцатакіс на прэс-канферэнцыі ў Адэсе, Украіна, 6 сакавіка 2024 года. Фота: Reuters

Паводле звестак выдання, Зяленскі скіроўваўся на сустрэчу з грэцкім прэм’ерам, калі ягоны картэж быў атакаваны расійскай ракетай. Гэта адбылося ўсяго за 150 метраў ад месца, дзе знаходзілася грэцкая дэлегацыя, у якую акрамя прэм’ер-міністра і яго аховы ўваходзяць яшчэ восем чалавек.

Адзін з удзельнікаў дэлегацыі паведаміў СМІ, што прэм’ер-міністр і астатнія прадстаўнікі Грэцыі не пацярпелі.

Protothema піша, што паездка грэцкага прэм’ера была арганізаваная ва ўмовах крайняй сакрэтнасці, Кірыякас Міцатакіс заехаў у Адэсу па дарозе на саміт у Бухарэсце.

На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы з Міцатакісам (з мерапрыемства з меркаванняў бяспекі не арганізоўвалі жывой трансляцыі) Уладзімір Зяленскі пацвердзіў факт расійскага ўдару па Адэсе.

«Мы бачылі сёння гэты ўдар. Вы бачыце, з кім мы маем дачыненне, ім усё роўна, куды біць. Я ведаю, што сёння былі ахвяры, усіх дэталяў не ведаю яшчэ, але ведаю, што ёсць загінулыя, параненыя», — расказаў Зяленскі.

«Прэзідэнт Зяленскі і яго штаб нам паказвалі і тлумачылі значэнне порта і тое, што робіцца, каб аднавіць і ўзмацніць украінскі марскі шлях і якія страты ён панёс падчас нападаў. Ужо ў самым канцы мы пачулі гук сірэн і выбухі, якія былі вельмі блізкія ад нас. Мы не паспелі пайсці ў абароненае месца, гэта вельмі ўражлівы досвед», — сказаў Кірыякас Міцатакіс.

Украінскі прэзідэнт у сваім тэлеграм-канале таксама паведаміў, што з прэм’ер-міністрам Грэцыі ўшанаваў памяць адэсітаў, якія загінулі 2 сакавіка падчас трапляння расійскага беспілотніка ў жылы дом. Тады, нагадаем, загінулі 12 чалавек, у тым ліку пяцёра дзяцей.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO