Алана Гебремарыям правяла за кратамі крыху больш за два гады. Яе затрымалі ў лістападзе 2020-га па «справе студэнтаў» — на свабоду яна выйшла ў канцы 2022 года. З таго часу прайшло прыкладна столькі ж часу, колькі Гебремарыям была ў зняволенні, і стала відавочна, што такі досвед адбіваецца на будучым жыцці мацней, чым можа здавацца — нават самім палітвязням падчас адбыцця пакарання. Цяпер, калі з калоній вызваляецца ўсё больш беларусаў і беларусак, якія атрымалі тэрміны, «Люстэрка» папрасіла Гебремарыям адрэфлексаваць свой досвед рэабілітацыі і прыняцця новай сябе — у тым ліку адносін са сваім целам.
Здаецца, чаканне, што я пападу за краты, у мяне было заўсёды: мне калісьці нават бацька сказаў, што мая грамадская дзейнасць да гэтага прывядзе. Яшчэ ў ліпені 2020-га я нават адстрыгла карэ: тады ў мяне былі доўгія валасы, амаль да пояса. Я баялася, што на Акрэсціна завядуцца вошы, а з такой фрызурай будзе лягчэй іх вывадзіць.
Да верасня 2020 года я не думала пра крымінальны артыкул. Але ўсё адно: пакуль цябе не затрымаюць, пакуль туды не трапіш, усё адно не зразумееш, як там будзе. Жыццё за кратамі ідзе ад выкліка да выкліка — і ў нейкі момант сілы супраціўляцца могуць скончыцца. Напрыклад, спачатку я паводзіла сябе з сілавікамі даволі агрэсіўна, жорстка ўсіх пасылала. Мяне хапіла толькі на год.
Пасля такога доўгатэрміновага стрэсу і адсутнасці падпіткі — прыемных сацыяльных кантактаў, падтрымкі блізкіх, магчымасці занімацца тым, што падабаецца, — я асэнсавала, як моцна стамілася. Гэта здарылася прыкладна тады, калі трэба было ехаць у калонію. Перад гэтым я таксама перахварэла на кавід — і валасы пачалі выпадаць, і я адчувала сябе так, нібыта мяне катком пераехалі. Сіл даказваць камусьці, што яны перайшлі мяжу, ужо не было.
Мілая, светлая дзяўчына, але…
У калоніі я зразумела, што пачала закрывацца ад людзей. А я сацыяльны чалавек. Уся сістэма пабудавана так, каб усталяваць максімальны кантроль за асуджанымі — усе збіраюць інфармацыю пра цябе. Я была не першай палітзняволенай у жаночай калоніі пасля 2020-га і была знаёмая з досведам іншых палітзняволеных менавіта адтуль, таму прыкладна разумела, як усё працуе.
На той момант гэта было для мяне ненармальна. Я звычайна добразычлівы чалавек і нядрэнна знаходжу падыход да розных людзей. То-бок я проста не мела магчымасці быць сабой і перастала давяраць іншым. Напэўна, заўважыла я такія змены ў сабе менавіта тады. Але з часам яны сталі пагаршацца, паглыбляцца, таму што прыходзілася адаптавацца.
Я нават дзесьці знайшла ў сабе моцную жорсткасць і прынцыповасць, якую раней не заўважала. Калісьці мне здавалася, што я мілая, светлая дзяўчына. Але ў новых умовах унутранае вызначэнне аказалася іншым. Думаю, што, як раней, я ўжо сябе ніколі не пачну адчуваць зноў, бо так ужо не будзе.
Такія змены — таксама частка ПТСР, якое можа цягнуцца і 20, і 30, і 40 гадоў. Невядома колькі. Некаторыя людзі ўсё жыццё адчуваюць такія ж адгалоскі цяжкага досведу. Я сустракалася з былым палітзняволеным з Перу. Зараз яму ўжо за 70: трапіў за краты ён у 90-х — прайшло 35 гадоў, і яму дагэтуль сняцца страшныя сны. Канечне, ён ужо не так востра гэта ўсё перажывае і звык.
Я думаю, што з гэтымі зменамі проста трэба вучыцца жыць, таму што ты не ведаеш, калі яны пройдуць і ці пройдуць увогуле. Спрабаваць вярнуцца да сябе, якой я была, проста непрадуктыўна — бо немагчыма. Перад выхадам з калоніі я ўжо канчаткова гэта зразумела, асэнсавала маштаб таго, што адбылося, і баялася, што не знайду паразумення з людзьмі на волі.
Нават не жанчыны, а жывёлы
Знаходжанне ў калоніі ўздзейнічае псіхалагічна і таму, што там ты не адчуваеш сваю індывідуальнасць. Ты ходзіш у страі, дзе з табой яшчэ сто чалавек, і ты бачыш адны і тыя ж твары. З гадамі зняволеныя рэальна становяцца падобнымі адна на другую. Мала хто фарбуецца дэкаратыўнай касметыкай, усе носяць адны і тыя ж сінія целагрэйкі, зялёныя спадніцы, чорны, як армейскі, абутак.
Выглядае ўсё настолькі аднатыпна, што мне, калі я там стаяла і глядзела на ўсіх гэтых жанчын, станавілася страшна. Я на самой справе баялася згубіць сябе, таму што бачыла, як працэс ужо ідзе з астатнімі. Людзей прымушаюць не выдзяляцца, і нам пастаянна закідвалі думку, што «нармальныя» жанчыны ў калоніі не сядзяць, таму мы нават не жанчыны, а жывёлы.
На частцы вуліцы, дзе большасць зняволеных і адміністрацыі праходзяць па дарозе на фабрыку, стаіць клетка — як у заапарках, толькі меншага памеру. І туды саджаюць зняволеных і палітзняволеных для публічнага пакарання і зневажання. Калі мы ішлі на фабрыку і праходзілі каля месца, дзе стаіць гэтая клетка, і там былі закрытыя жанчыны, у мяне часта ў галаве круцілася думка, што яны нас ненавідзяць і сапраўды лічаць жывёламі з цырка ці заапарка, якіх у любы момант можна кінуць туды за непаслушэнства. Але з ніводнай жывой істотай так нельга абыходзіцца — ні з чалавекам, ні з жывёламі, ні з кім іншым.
Пакуль я была ў калоніі, розныя колеры забаранялі паступова. Раней можна было насіць чорны, сіні, карычневы, зялёны, яшчэ нейкія тыпу шэрыя вопраткі. Але часта ў пасылках чапляліся да колеру з каментаром, што гэта не зусім тое адценне, напрыклад, «цёмна-сіняга», якое дазволена, — і забіралі рэчы, якія зняволеным адпраўлялі блізкія. Калі я выходзіла, па сутнасці, засталіся толькі чорны, карычневы і шэры. У выніку ты проста сама пачынаеш прасіць, каб табе набылі ўсё чорнае — проста каб гэта не адабралі.
Быў выпадак, што мне мама перадала басаножкі на лета — такія тыпа модныя, з замшу. Яны былі з вострым носам і раменьчыкамі, якія перакрыжоўваліся на назе. Карацей, сексі! Я іх апранула, такая радасная была — і ўсе зацанілі, каментары давалі. Ужо тады было зразумела, што вельмі шмат увагі. А там ты вучышся: увагі без наступстваў не бывае.
Хутка да мяне на доўгатэрміновае спатканне прыехала маці, і я пайшла да яе. На вуліцы мяне ўжо чакаў начальнік рэжымнага аддзела, які проста на хаду мне кажа: «Здымай». У выніку мы пайшлі ў яго кабінет, дзе ён мне чытаў натацыі і сказаў, што такі абутак забаронены. Мы спрачаліся, бо на прыёмцы кантралёры прынялі іх, яны ж ведаюць правілы. Але начальнік сказаў, або я здымаю і аддаю басаножкі яму, або я іду не да маці, а ў атрад. Праз некаторы час выйшаў указ, які забараняў прымаць абутак з вострым носам і з замшу.
Шмат хто фарбаваў валасы: адцяняючы бальзам можна было набыць нават у атаварцы на тэрыторыі калоніі, у тым ліку яркіх колераў. У нейкі момант рэжымны аддзел вырашыў, што на зоне «папугаі, а не асуджаныя». Усё забаранілі.
Канечне, я сябе ў гэтым адчувала дзіка. Як сябе праявіць, я не разумела, бо выражацца праз адзенне і праз абутак было максімальна складана. Як і праз касметыку, дазволеную колькасць якой увесь час памяншалі. У перадачах яна ўвогуле забаронена. Калі ты прыязджаеш з СІЗА, у цябе можа быць з сабой касметыка — яе таксама пачалі забіраць.
Не ўсе могуць прыняць змену сваёй знешнасці. Гэта проста першае, што ты, напэўна, заўважаеш. Мне было складана бачыць, што я пасівела: дагэтуль ніколі не было такой колькасці сівых валасоў, як стала ў калоніі. Праз пяць месяцаў я глядзела ў люстэрка і не магла сябе пазнаць.
Уявіце: ты ведаеш сябе як аднаго чалавека, а потым бачыш зусім іншага — пахудзеўшага на дзесяць кілаграмаў, сівога ды з асунуўшымся тварам. Мне здаецца, што на жанчын гэта псіхалагічна ўплывае, бо мы звыклыя фіксаваць усе, нават нязначныя, змены ў сваёй знешнасці.
Прывяду яшчэ адзін прыклад, як паступова губляецца самаацэнка. Аднойчы я пайшла ў мацоўню (яна на першым паверсе), дзе рабіла практыкаванне і проста не заўважыла, як з топіка выпалі грудзі, якія ў мяне даволі вялікія. Дзяўчаты побач таксама не звярнулі ўвагі, затое супрацоўнік калоніі, які быў на вуліцы, падышоў і стаў пяліцца на мяне ў акно. Ён нават казаў мне нейкія брыдкасці, нешта пра «дойкі». Я дагэтуль памятаю, як мне было сорамна, хаця і разумею, што я тут ні пры чым — гэта яго адказнасць за свае паводзіны.
У выніку яны дамагаюцца, каб разуменне таго, што ты адэкватны чалавек, у цябе сцерлася, бо з цябе робяць істоту, якая трапіла сюды для перавыхавання. А як дасягнуць перавыхавання? Канечне ж, кантролем, дысцыплінай і стварэннем такіх умоў, якіх ты будзеш баяцца і ў якія больш ніколі, ніколі, ніколі не захочаш трапіць.
Не хацелася нават дакранацца да свайго цела
Калі мяне затрымалі, я была ў адносінах. І, напэўна, першы раз за кратамі я заплакала ў СІЗА КДБ менавіта ад думкі, што майго хлопца таксама паабяцалі затрымаць. З часам наша сувязь змяншалася. Я пісала лісты, апісвала нейкія моманты, таму што хацелася ў першую чаргу эмацыйнай блізкасці, не фізічнай. Але было адчуванне, што я пішу ў сцену, бо яму ад мяне нешта дахадзіла, а мне ад яго — не. Аднойчы я спыталася, дзе мой ліст, а прадольны (дзяжурны па калідоры ў месцах пазбаўлення волі. — Заўв. рэд.) замест таго, каб аддаць яго, працытаваў мне некалькі сказаў адтуль, а потым сказаў: «Я на яго падрачыў і выкінуў».
Можна было сказаць што заўгодна ці проста закрыць «кармушку», але ён зрабіў гэта. Што для мяне было дзіка і моцна балюча, таму што гэта апошнія нітачкі камунікацыі з блізкім чалавекам, якія спрабуюць адарваць, ведаючы, што гэта для мяне важна. У выніку мой хлопец здаўся і вырашыў, што яму гэта не трэба.
За кратамі ўвогуле вельмі складана любіць кагосьці: чакаць сустрэчы, нейкага абмену словамі, жадаць абняцца, з’яднацца. Усё гэта было трэба перанасіць кожны дзень, пракручваючы ў галаве нейкія сцэны. Мне здаецца, лепш бы я села без стасункаў: ты ж перажываеш за гэтых мужыкоў, як за дзяцей. Гэта дадавала эмацыйных арэляў — спачатку ты згадваеш штосьці добрае, а потым — хвалюешся.
Некаторыя збліжаюцца з іншымі жанчынамі ў калоніі. Гэта небяспечна: любы крок у гэты бок — нават проста сяброўскія абдымкі — можа расцэньвацца як сексуальнае жаданне да іншага чалавека. Што тычыцца мяне, то я гетэрасексуальная, але, безумоўна, у калонію трапляюць і лесбіянкі, і бісексуальныя жанчыны. Спробы заняцца сексам ёсць — ніхто не гаворыць, што гэтага ў калоніі не існуе.
Пры гэтым, калі я выхадзіла, гэтая сфера майго жыцця і эмоцыі былі ўжо, я бы сказала, у стадыі замірання. Я як закрылася, так і не адкрывалася — вельмі доўга. Мне складана было давяраць людзям — мужчынам асабліва. Думаю, што бяда ў тым ліку з вобразам сілавікоў, якія з большага мужчыны, — яны прынеслі мне вялікую шкоду.
У першыя месяцы на свабодзе ўвогуле не было нават думкі пра нейкі сексуальны кантакт, пра стасункі ці штосьці такое. Мне не хацелася нават дакранацца да свайго цела, таму што яно мне не падабалася абсалютна. Яно перанесла вялікую траўму і запомніла гэта: адчувалася нават заціснутасць цягліц як рэакцыя на стрэс. Яшчэ я зразумела, што пасля таго выпадка ў мацоўні я стала адчуваць комплексы з-за памеру грудзей, хаця раней іх не было. Але я нічога з гэтым адразу не рабіла, бо не разумела, што трэба.
Пасля больш за два гады зняволення ў мяне яшчэ год не было сексу. Спачатку з-за калоніі, а на волі я ўжо проста не магла нават думаць пра тое, што гэтым з кімсьці прыйдзецца займацца. Нават калі здараліся моманты нейкай інтымнай блізкасці, я злівалася — проста таму, што мне было некамфортна. Думаю, унёсак у гэта зрабіў і падарваны давер, і неберажлівы падыход, які часам адчуваецца ад мужчын. Ён мяне адштурхоўваў.
Калі шчыра, я нават не абмяркоўвала гэтую тэму з іншымі палітзняволенымі жанчынамі, таму не ведаю, ці адчувае яшчэ хтосьці менавіта гэтае наступства. А яшчэ была паранойя, што мужчыны, якія маюць да мяне цікавасць, могуць супрацоўнічаць з КДБ і спрабуюць даведацца ў мяне інфармацыю пра мяне і маіх блізкіх, а таксама людзей, з якімі я працавала.
Траўма вылезла не адразу
Гэты досвед не атрымаецца засунуць падалей у скрыню, каб спадзявацца, што яно само неяк рассасецца. Таму што гэта ненармальна. У мяне таксама не адразу атрымалася прызнацца ў гэтым — што я не спраўляюся сама, што мне патрэбная дапамога. Я зразумела, што не стала прагі да жыцця, жадання яго даследваць, вырашаць стасункі з целам, сексуальнасцю. Так я пайшла ў тэрапію, яшчэ ў Беларусі.
Пасля пераезду ў Польшчу траўма вылезла не адразу — такое магчыма. Пакуль мы не знаходзімся ў бяспечным месцы, псіхіка шукае рэзервы. Але калі ўжо былі закрытыя патрэбы ў бяспецы, жытле і гэтак далей, усё зноў выйшла вонкі.
Я не магу сказаць, што зараз усё скончана, што я зноў маю давер да людзей, што я адчуваю сябе свабодна ва ўсіх сітуацыях. На эмацыйным узроўні наступствы калоніі засталіся і дагэтуль. Калі я даведваюся пра некаторыя моманты пра палітзняволеных, мне балюча і нават можа «прарваць» — і слёзы цякуць, і адчуваю сябе дрэнна некалькі дзён, вылязаюць розныя хваробы. Бывае, не магу наўпрост падняцца з ложка.
Гэта самае дрэннае — калі эмоцыі адлюстроўваюцца на фізічным стане, а значыць, з’яўляюцца праблемы на працы. Ты не можаш быць пастаянна на сувязі, але людзі не разумеюць, напрыклад, што табе таблеткі змянілі. Зараз усё нашмат лепей, чым было, і я працую з гэтым, але на самой справе шлях дазнавання сябе толькі пачаўся.
Я па-новаму стала глядзець на сябе і вывучаць тую Алану, якая сфармавалася пасля перажытага досведу. Напрыклад, я стала менш ахвяраваць — зараз для мяне на першым месцы я і мае блізкія, і толькі потым актывізм ці палітыка. І вельмі важна, хто знаходзіцца побач. Я вельмі шчаслівая, што зараз у мяне вельмі беражлівы партнёр, які ўлічвае тое, праз што я прайшла.
Але ты проста не можаш прайсці праз няволю, каб гэта на табе не адбілася. Я прадстаўляю, што ў кожнага чалавека ёсць нейкая невялікая ранка ў душы, але турма проста ўстаўляе ў яе нож і рэжа ва ўсі бакі. І ты выходзіш з агромністай ранішчай, з якой кроў б’е фантанам, а ты спрабуеш яе спыніць анучай. Таму больш за ўсё мне баліць, калі былыя палітзняволеныя і ўвогуле зняволеныя адмаўляюць свой боль, стан і спрабуюць закрыцца ад дапамогі іншых.