Опубликовано 6 чэрвеня 2023 у 12.20
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-page.store/news/life/40783.html    

Лукашэнка запатрабаваў у 2024 годзе «жалезабетонна вызначыцца з сістэмай паступлення»

Аляксандр Лукашэнка сабраў 6 чэрвеня нараду па надзённых пытаннях уступнай кампаніі, паведамляе яго прэс-служба.

Фото: TUT.BY
Фота: TUT.BY

Вынікі цэнтралізаванага экзамену

Ён папярэдзіў, што на цяперашняй нарадзе не збіраецца заслухоўваць даклады і разбірацца ў бязладзіцы падчас правядзення цэнтралізаванага экзамену.

«Мяне больш цікавіць, як будзем жыць далей. Гэтую праблему [падліку вынікаў ЦЭ] мы вырашылі. Людзі разумеюць, як мы балы лічым, пераводзім, не пераводзім. Зрабілі сістэму больш зразумелай. Не ў гэтым пытанне (гэта важна, мы пра гэта яшчэ пагаворым), а ў тым, як мы будзем далей ажыццяўляць набор нашай моладзі ў ВНУ», — заявіў ён.

І тут жа зноў вярнуўся да тэмы цэнтралізаванага экзамену.

«Праверка паказала, што тэхнічнага збою не было, сістэма падліку балаў, якая выкарыстоўвалася на цэнтралізаваным тэставанні з 2019 года, спрацавала правільна, і я не сумняваюся ў тым, як вы там лічылі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мае прэтэнзіі ў тым, што людзі вас не разумеюць: ні будучыя студэнты (абітурыенты), ні бацькі, ні іншыя людзі — што вы там нахамуталі, напрыдумлялі».

Стварыць трэба было выразную, зразумелую, простую сістэму, а замест гэтага яе зрабілі занадта мудрагелістай: «Вы яе стварылі самі для сябе».

Акрамя таго, былі выяўленыя нестыкоўкі паміж вынікамі рэпетыцыйнага тэставання і цэнтралізаванага экзамену.

«Людзі ж супаставілі і бачаць, што хлопец ці дзяўчына, якія атрымалі больш балаў, аказаліся ў горшым становішчы», — прывёў прыклад Лукашэнка.

«Не трэба баяцца. Калі дапусцілі памылку, трэба яе прызнаць. Чаго мы хаваемся і віляем хвастом перад грамадствам? Дапусцілі памылку? Так, дапусцілі — выправілі, своечасова паправілі, дзякуючы тым жа людзям, якія на гэта адрэагавалі. Не трэба хавацца і чагосьці баяцца», — звярнуўся ён да чыноўнікаў, каментуючы вынікі ЦЭ.

Лукашэнка пра мэтавікоў: Замуж не замуж, усё роўна адпрацаваць трэба

«Я хачу папярэдзіць па мэтавіках: людзі павінныя разумець, што яны атрымліваюць адукацыю і вяртаюцца на канкрэтнае месца працы. Замуж не замуж, усё роўна адпрацаваць трэба. Вядома, мы па-чалавечы будзем падыходзіць. Але мэтавікі павінныя дакладна разумець, што ім давядзецца, паводле дамоўленасці, адпрацаваць пэўны час. І гэты час мусіць быць салідным. Не два-тры гады, а мінімум пяць гадоў», — заявіў ён.

Абавязковы тэрмін адпрацоўкі для мэтавікоў цяпер складае: для тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю — не менш за пяць гадоў, сярэднюю спецыяльную — не менш за тры гады, прафесійна-тэхнічную — не менш за два.

«Ад гэтага мы нікуды не адыдзем, бо нам патрэбныя і настаўнікі, і дактары, і аграномы, і заатэхнікі на канкрэтным месцы ў канкрэтным рэгіёне. І людзі, якія жадаюць паступаць у ВНУ і несці абавязанні па мэтавым прызначэнні, ёсць. Іх хапае, таму трэба падтрымліваць. У асноўным гэта годныя людзі, якія ідуць і працуюць», — сказаў Лукашэнка.

У 2024 годзе трэба «жалезабетонна вызначыцца з сістэмай паступлення»

«Нам трэба вызначыцца, як будзем вынікі сярэдняй адукацыі падводзіць у школах. Якія будзем наогул здаваць экзамены?» — пацікавіўся Лукашэнка.

«Пры паступленні ў ВНУ мы павінныя вызначыцца: ці мы пойдзем зноў шляхам цэнтралізаванага тэставання, калі сядзіш там і часам тыкаеш пальцам у неба, альбо мы будзем здаваць экзамены шляхам сумоўя, выкарыстоўваючы сістэму, якая добра сябе зарэкамендавала. Ці гэта будзе нейкі сімбіёз, сумесь таго і таго. Мы мусім дакладна вызначыцца. Гэта не для гэтага года [задача], але для наступнага года — жалезабетонна», — заявіў ён.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што рашэнні мусяць быць зразумелыя «для бацькоў, абітурыентаў, грамадства ў цэлым».

На нарадзе прысутнічалі міністр адукацыі Андрэй Іванец, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка, віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка, старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Юрый Міксюк, прадстаўнікі профільных камісій абедзвюх палат парламента, а таксама кіраўнікі ўстановаў адукацыі рознага ўзроўню.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO