Жыхарка Гродна трапіла ў бальніцу хуткай дапамогі ў рабочую суботу 26 красавіка — проста ў дзень свайго вяселля, але ўрачыстасць усё роўна адбылася. Незвычайную гісторыю расказаў тэлеграм-канал Мінздароўя.
«Гэта быў адносна спакойны дзень, як раптам да нас у прыёмнае аддзяленне забягае ўсхваляваны жаніх — яго нявеста экстранна трапіла ў бальніцу проста перад рэгістрацыяй шлюбу», — сказана ў паведамленні.
Аднак мужчына вельмі не хацеў адмяняць вяселле і знайшоў спосаб ажаніцца.
«Дзякуючы кемлівасці жаніха, падтрымцы нашых дактароў і дабрыні супрацоўнікаў ЗАГСа ўрачыстасць адбылася», — адзначылі ў Мінздароўя.
Вяселле правялі проста ў стацыянары. Адзначаецца, што атрымалася вельмі ўзрушальна і кранальна як для дактароў, так і для маладых і ўсіх, хто быў побач.