Беларусы ацанілі спробу ўладаў прымусіць іх перастаць абмяркоўваць прыезд пакістанцаў. Атрымалася сумна і трапна
26 красавiка 2025 у 1745647920
Аляксандра Рэквісава / «Зеркало»
Спрэчкі і размовы вакол магчымага прыезду ў Беларусь работнікаў з Пакістана не сціхаюць. МУС прыгразіла адказнасцю «аж да крымінальнай» за «правакацыі» на гэтую тэму ў сацсетках, каментатараў пачалі затрымліваць і публікаваць «пакаяльныя» відэа. Лукашэнка таксама ўключыўся ў абмеркаванне і прапанаваў «працаваць за траіх» тым, хто баіцца замежнікаў. «Люстэрка» спытала чытачоў, як яны ацэньваюць рэакцыю ўладаў. Хтосьці кажа пра парушэнне правоў, а хтосьці заўважыў іншыя «трывожныя званочкі».
Усе імёны герояў змененыя дзеля іх бяспекі.
Алена: «Беларусы маюць права хвалявацца. І "дзяржава" не мае права іх за гэта судзіць»
- Гэтая навіна мяне ўзрушыла і абурыла, але я не здзівілася. Гэтага трэба было чакаць, бо «дзяржава» даўно імкнецца загасіць любое незадаволенне. Неістотна, у чым яно заключаецца: ці то ў разбураных дарогах, ці то ў заробку, ці то ў прыездзе пакістанцаў.
Зразумела, што пакістанцы не паедуць у Беларусь толькі працаваць - хутчэй за ўсё, пры першай жа магчымасці яны пабягуць у Еўропу, і на мяжы зноў будзе чарговы міграцыйны крызіс.
Я, мабыць, не зусім згодная з тымі, хто кажа, што пакістанцы будуць гвалтаваць дзяўчат. У мой горад на прадпрыемства за часамі СССР завезлі в'етнамцаў, далі ім жытло. Ніякай шкоды ад іх не было, іх дзеці размаўлялі па-руску, вучыліся ў маёй школе, хадзілі са мной на танцы і ў мастацкую школу. Шмат хто з в'етнамцаў пачаў гандляваць на рынку. Кафэ сваё адчынілі, яно і дагэтуль працуе. Мяркую, гэтаксама будзе і з пакістанцамі. Але ў Беларусі, прагназую, застанецца добра калі тысяча - астатнія рвануць у Еўропу або вернуцца дадому.
Але ў любым выпадку беларусы маюць права хвалявацца. І «дзяржава» не мае права іх за гэта судзіць. Лепш бы нікога не чапалі, але гэта немагчыма. Гэтая чарговая хваля рэпрэсій, як і нежаданне жыць побач з пакістанцамі, прымусіць яшчэ шмат беларусаў з'ехаць.
Сяргей: «З намі не будуць дамаўляцца, мы ніхто ў іх вачах»
- Скажу так, нейкіх эмоцый гэта не выклікае. Пакуль гэта толькі дэкларацыя пра намеры, а ў нашых уладаў, мякка скажам, не заўсёды ўдаецца пацвердзіць справай свае заявы.
Але хвалюе іншае - чаму ўзнікла такая праблема і чаму ўлады менавіта так рэагуюць. Апошнім часам толькі з дапамогай такога рэзанансу можна атрымаць ад уладаў хоць нейкую зваротную сувязь. Хай і не зусім адэкватную, але ўсё ж сувязь, якая дазваляе прыкінуць, што там адбываецца, у гэтай «чорнай скрыні» прыняцця рашэнняў. І на маю думку, адбываюцца там вельмі негатыўныя працэсы, якія закрануць простых людзей.
Праз гэтую заяву можна зразумець, што ўлады разглядаюць насельніцтва як рэсурс. Мы павінныя абслугоўваць уладу аднаго чалавека. З'ехалі? Не хочам працаваць? Значыць, прывязём пакістанцаў ці яшчэ каго. Імаверна, што яны ў прынцыпе маштабуюць кейс страйку работнікаў метро ў 1995 годзе. Тады завезлі машыністаў з Расіі, цяпер завязём пакістанцаў.
Для ўладаў народ цалкам пазбаўлены суб'ектнасці. З намі не будуць дамаўляцца, нешта прапаноўваць, шукаць кансэнсусу. Мы ніхто ў іх вачах. І гэта будзе пагаршацца. Мы ўжо павінныя рэагаваць на рашэнні ўладаў так, як яны запраграмавалі. У нас ужо не выбары, а галасаванне. І хутка можа дайсці да таго, што калі ты публічна не выказваеш лаяльнасць, то будзеш абмежаваны ў правах. Або пазбаўлены волі.
Вось гэта і ёсць хвароба, а 150 тысяч пакістанцаў - гэта ўсяго толькі спроба схаваць яе сімптом, які б'е па самой уладзе. Тое, што за гэтай заявай хаваецца - вось гэта і ёсць галоўная праблема.
Ірына: «Чарговае нахабнае і цынічнае таптанне правоў і свабод»
- Усё, што робіцца «ўладай» у сувязі з магчымым масавым наплывам мігрантаў з Азіі, цалкам укладваецца ў наратыў нелегітымнай, не абранай народам «вертыкалі», каротка выкладзены ўжо шмат гадоў таму Ярмошынай і на розныя лады паўтораны чыноўнікамі: «Палітыка - не вашая справа, ідзіце боршч варыце». Чарговае нахабнае і цынічнае таптанне правоў і свабод беларусаў, гарантаваных Канстытуцыяй.
Станіслаў: «Рады, што з'ехаў сам, і адначасова вельмі сумна»
- Запрашэнне пакістанцаў чарговым развс даводзіць, што ўладзе і яе набліжаным абсалютна не важны дабрабыт народа. Яны да гэтага «даілі» беларусаў, пакідаючы выжываць на няшчасныя 300−1000 рублёў у месяц. А калі народ масава пачаў з'язджаць, вырашылі паклікаць пакістанцаў, бо інакш давялося б разбірацца з прычынай ад'езду беларусаў.
Баюся, што ў выніку ад Беларусі застанецца адна толькі назва. Рады, што з'ехаў сам, і адначасова вельмі сумна, што магу больш ніколі не ўбачыць прыгажосці радзімы.
Усевалад: «Улады намякаюць: маўчыце, інакш вам капец»
- У маім горадзе на трох прадпрыемствах шукаюць больша за10 персон рознай спецыяльнасці, ад інжынера да бухгалтара ці нават намесніка начальніка па вытворчасці.
Усе проста зразумелі, што лавіць далей у нашай краіне няма чаго… Лепш не будзе, пакуль рэжым існуе. Улады спрабуюць толькі ўтрымаць моладзь, якая ўсімі сіламі імкнецца ў Еўропу па лепшае жыццё. І таму, што прыязджаюць пакістанцы, не варта здзіўляцца. Хутка і іншыя будуць… А ўлады чыста намякаюць: вы з'язджаеце - а нам патрэбныя рабы. Так што маўчыце, інакш вам капец.
Чытайце таксама