«Чакаем у Беларусі». Сілавікі пагражаюць кіроўцам, якія за мяжой наклеілі на нумары аўто «Пагоню» ці БЧБ-сцяг
12 верасня 2024 у 1726146120
«Зеркало»
Сілавікі прыгразілі наступствамі беларусам, якія за мяжой заляпілі чырвона-зялёны сцяг на нумарных знаках налепкай з «Пагоняй» ці БЧБ-сцягам. Такіх аўтаўладальнікаў збіраюцца вылічваць па фота, гаворыцца ў неафіцыйным тэлеграм-канале ГУБАЗіК.
Сілавікі пракаментавалі ўведзеныя нядаўна абмежаванні на ўезд і знаходжанне аўто з беларускімі нумарамі ў суседніх краінах ЕС.
Цяпер ГУБАЗіК пагражае беларускім аўтаўладальнікам, якія за мяжой заляпілі дзяржсцяг на нумарных знаках налепкамі з БЧБ-сцягам ці гербам «Пагоня». Сілавікі заявілі, што іх «чакаюць у Беларусі», і апублікавалі фота некалькіх такіх аўтамабіляў. Сцвярджаецца, што гэтыя здымкі нібыта даслалі людзі, якія жывуць у суседніх краінах.
Нагадаем, Сейм Латвіі 10 верасня прыняў у другім, канчатковым, чытанні папраўку ў закон, якая абавязвае ўладальнікаў такіх легкавікоў да 31 кастрычніка вывезці іх з краіны або перарэгістраваць. Калі гэтага не зрабіць, транспартны сродак могуць канфіскаваць.
Яшчэ раней, у сярэдзіне ліпеня, Латвія, Літва і Эстонія забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю аўтамабілям, зарэгістраваным у Беларусі (у Літве гэтае абмежаванне ў поўнай меры пачало дзейнічаць з 16 жніўня). Польшча пакуль дазваляе ўезд беларускіх легкавікоў, хоць і з пэўнымі абмежаваннямі. У прыватнасці, уласнік аўтамабіля мусіць абавязкова знаходзіцца за рулём ці, прынамсі, у салоне. Гэта датычыць і аўто, якія належаць юрыдычным асобам.
Пазней у Латвіі паведамілі, што ў асобных выпадках усё ж будуць прапускаць праз мяжу аўтамабілі з беларускімі нумарамі. Аднак для гэтага давядзецца даказаць, што аўто ўвозяць у краіну не для продажу.